МАЁМАСЦЬ НОВАЙ БЕЛАРУСІ

Сур’ёзнасць амаль што любой справы можна вымераць па стаўленні да маёмасці. Важнай прыступкай развіцця бізнес становіцца арэнда офіса. Наступная прыступка, якая сведчыць, што бізнес вырас — гэта набыццё памяшканняў ва ўласнасць.

Сіла дзяржструктр, бізнэс-карпарацый, ці сацыяльных праектаў так ці інакш карэлюецца з колькасцю квадратных метраў у іх уласнасці.

Зразумела, што квадратныя метры не самы дакладны маркер вымярэння сілы арганізацыі, ці нейкага руху. Больш за тое, гэты маркер ужо досыць архаічны. Але ён усё яшчэ вельмі істотны. І што самае галоўнае, добра зразумелы ўсім. А што калі гэтым маркерам памераць праект, які мы, не маючы іншых тэрмінаў, называем новая Беларусь?

У беларускіх культурніцкіх і палітычных арганізацыях за мяжой памяшканняў шмат, але амаль ніякія з іх не належаць ні гэтым арганізацыямі, ні беларусам. Часцей за ўсё памяшканні арэндуюцца.

Арэнда сама па сабе не ёсць нейкім злом, але калі глядзець глабальна і ў доўгай перспектыве, то гэта — яскравы сімвал часовасці, няпэўнасць. Гэта пастаянныя выдаткі, ці максімальная залежнасць ад донараў. Гэта вечная карэкціроўка задач пад праблему выжывання. Гэта тармозіць развіццё.

Калі паглядзець з іншага боку, нерухомасць — гэта ўсё яшчэ самы надзейны варыянт атрымання доўгатэрміновага гарантаванага прыбытку ў выглядзе рэнты. Здача нерухомасці — важны элемент устойлівасці дзяржаў, асобных гарадоў, карпарацый і нават буйных сацыяльных праектаў. Карацей, валодаць сваёй нерухомасцю добра. Бо гэта адзнака сур’ёзнай і доўгатэрміновай гульні.

Адсюль пытанне: ці дарасла новая Беларусь да таго, каб абзаводзіцца сваёй маёмасцю? Набываць памяшканні для культурніцкіх офісаў, менеджарскіх штабоў, ці для атрымання рэнты на аплату гэтых самых штабоў? Адказ: хутчэй «не». Каб мець надзею на адказ «так», трэба разабрацца з двума праблемнымі пунктамі.

Першы пункт, канешне, грошы

Маёмасць новай Беларусі (штабоў, офісаў, асобных праектаў) мусіць належыць беларусам, але таму і набываць яе мусяць беларусы. Ці могуць зараз беларусы набываць такую такую маёмасць?

Давайце паспрабуем разгледзeць нейкую гіпатэтычную сітуацыю. Возьмем да прыкладу суму ў 250 тысяч даляраў. На гэтыя грошы ў Варшаве можна набыць нешта невялікае, але больш-менш прыстойнае ў нейкім лагістычна адэкватным месцы.

Каб сабраць такую суму, трэба, каб 50 тысяч беларусаў скінуліся разава па 5 даляраў. 50 тысяч чалавек — гэта трэцяя частка тых, хто з’ехаў пасля 2020 года (па самых сціплых падліках), і дзясятая частка тых, хто дасылаў фота бюлетня на выбарах платформе «Голас». Іншы варыянт — трэба сабраць 5 тысяч беларусаў, якія пагодзяцца ахвяраваць па 50 даляраў. Рэальна-нерэальна сабраць такую колькасцю беларусаў? А ніхто не спрабаваў усур’ёз займацца гэтай тэмай.

Таму скажам так, аб’яднаць 10 тысяч беларусаў, каб сабраць грошай на беларускае памяшканне ў Варшаве — гэта вельмі цікавая задача для якога-небудзь амбітнага палітыка. І, пагадзіцеся, вельмі цікава было б паназіраць за такой «выбарчай» кампаніяй.

Другі праблемны пункт — мэта і спосаб выкарыстання

Тут асноўная праблема, што мэтаў і спосабаў можа быць шмат. Купляць памяшканні для існуючых культурных цэнтраў, адукацыйных, сацыяльных, палітычных праектаў? Ці наадварот, пад такую справу прыдумваць спецыяльныя новыя інстытуцыі? А што яны мусяць рабіць?

І як агулам пасля распараджацца гэтай маёмасцю. Хто будзе рашаць каму яна належыць. Ствараць адзіны фонд, розныя фонды, проста аддаваць арганізацыям? А калі нам не спадабаецца, як гэтай маёмасцю распараджаецца ўласнік. Можа патрэбны які кантралюючы орган?

Ад усіх гэтых пытанняў галава кругам ідзе. Бо іх шмат і мы на такія пытанні сабе ніколі не задавалі. Але ёсць адзін важны момант — гэта канкрэтныя пытанні. На іх можна знаходзіць канкрэтныя адказы. Такія адказы, якія задаволяць 10 тысяч плацёжаздатных беларусаў за мяжой.

Падаецца, шанцы зацікавіць ёсць, бо канкрэтныя адказы — гэта такая рэдкасць у нашыя часы. Яны які мінімум будуць глядзецца свежа і прыцягальна. Вось толькі хто рызыкне першым адкрыць гэту скрынку Пандоры?

 Падсумоўваючы

Мае развагі, пакуль што, чыста тэарэтычныя. Есць рэчы, да якіх трэба дарасці. І людзям і структурам. 

Але мне падаецца, што маёмасць — гэта класная тэма і добрая кропка адліку для практычных размоў. Яна пра ўсё: і пра палітыку, і пра грошы, і пра амбіцыі, і пра структуры, і пра правілы.

Таму адзіная практычная выснова будзе такая: калі вам аднойчы надакучаць пустэча ў прамовах нашых палітыкаў і развагах аналітыкаў, ці пачуццём безнадзейнасці пракрадзецца ўнутры вас, то паспрабуйце зрабіць так — пачніце ад усіх актараў патрабаваць адказу на пытанне: «Як нам пачаць набываць супольную маёмасць новай Беларусі?».

Пытайцеся ў палітыкаў, у аналітыкаў, у сябе. Настойліва. Найперш у сябе, канешне. Новай Беларусі патрэбныя новыя зоркі.

Гэты тэкст быў напісаны для партала kyky.org

Scroll to Top