
9 жніўня чамусьці становіцца супольнай датай лірычных успамінаў тое як было раней, разважанняў як мы памяняліся і стрыманых падбадзёрванняў адно аднога, што аднойчы стане добра, але дакладна няхутка. Як і чаму аднойчы стане добра ніхто не рызыкуе абмяркоўваць.
Па чалавечы гэта зразумела, але моцна турбуе, што ў публічнай прасторы няма іншага трэнда – абмеркавання таго як памянялася пасля 9 жніўня наша агульная справа, якая зараз умоўна называецца тэрмінам “Новая Беларусь” і куды яна мусіць расці далей.
Канферэнцыі Ціханоўскай гэту праблему не закрыла. Там былі справаздачы (ярка пададзеныя ў выглядзе слуханняў), але высновы гэтых справаздач “патанулі” у тэарэтычных разважаннях і дыскусіях, якімі поўняцца любы мерапрыемствы падобнага кшталту.
ПРА ШТО ТРЭБА ГАВАРЫЦЬ 9 ЖНІЎНЯ
Вось жа па выніку, як памераць паспалітаму беларусу – вырасла, ці здулася за апошні год “Новая Беларусь”? Гэта ж самае важнае пытанне. Ад яго шмат што залежыць.
Агулам на такое пытанне ўжо пару год мусіў бы адказваць нейкі невялікі інстытут, ці праект. Мне падаецца, што мераць рост “Новай Беларусі” павінна быць вельмі цікава. Дзясяткі беларускіх арганізацый ствараюцца кожны год: бізнэсы, СМІ, НДА, протапалітычныя структуры, вайсковыя адзінкі. Яны прырастаюць кадравымі супрацоўнікамі, офісамі і падпісантамі ў сацсетках. Некаторыя не прырастаюць і топчуцца на месцы. А нехта развальваецца і знікае.
Адсочванне такога вось супольнага індэкса росту было б вельмі цікава, прычым нават для паспалітых грамадзян Беларусі. Вельмі нам не хапае цяпер такога вось “рэйтынгава агенства”, якое б складала рэйтынг беларускіх арганізацый і выводзіла агульны рэйтынг роста.
Прыемна было б адкрываць раніцай за кубачкам кавы адпаведную старонку ў інтэрнэце і глядзець наколькі падняўся “індэкс Новай Беларусі”. І калі ён сапраўды вырас, то ісці па сваіх справах, а калі наадварот абваліўся, то спрабаваць разабрацца чаму. Бо паўплываць на яго рост можа кожны беларус, часам нават не ўстаючы з месца.
ШТО АДБЫЛАСЯ ЗА ГОД
Але няма ў нас цяпер ні “рэйнтынгавага агенцтва”, ні нейкага статыстычнага цэнтра. Таму проста для эксперымента паспрабую прыгадаць, што важнага адбылося за прамінулы год ў развіцці Новая Беларусі з гледзішча нізавога актывіста.
Полк Каліноўскага і іншыя вайсковыя падраздзяленні ваююць. Зусім няясна, ці яны павялічваюцца, ці змяншаюцца, ці ім нехапае чагосць для росту, ці ўсё ок. І гэта вялікая праблема. Але людзі ваююць і вялікая павага ім за гэта!
Было створана адразу некалькі беларускіх ветэранскіх і рэаблітацыйны іныцыятыў ва Украіне. Гэта вельмі важна. Хаця зноўку ж, не да канца ясна, што яны нам робяць і як развіваюцца. Туман вайны.
Быў створаны Пераходны Кабінет і ён цягам года… быў. Падаецца, галоўны вынік года – некаторыя зрухі на украінскім кірунку.
Актывізавалася Каардынацыйная Рада. Тут шмат дыскусій і сумневаў, але як пляцоўка для трэніроўкі парламенцкіх навыкаў яна працуе.
Святлана Ціханоўская працягвае ездзіць і выступаць на дыпламатычных пляцоўках свету. Як Волнае МЗС, мне падаецца, працуе няблага.
Узнікла некалькі новых моцных медыйных праектаў. Але ці стварае беларускае медыйнае поле канкурэнцыю лукашэнкаўскаму ўнутры Беларусі – вялікае пытанне.
Вось дзе бачны рост паспалітаму чалавеку, дык гэта ў бізнэсе. Прынамсі ў Варшаве. Адкрываюцца новыя беларускіх кавярні, паслугі, прасторы. Актыўна працуе Бізнэс Асацыяцыя.
Нарэшце запрацавала аплікацыя “Новая Беларусь”. Развіваецца яна марудзей, чым мы ўсе чакаем, але абнаўленні адбываюцца перыядычна.
Актыўна, але неяк нескаардынавана развіваюцца адукацыйны ініцыятывы. Іх шмат. Вельмі шмат.
Рада Культуры атрымала і раздала 3 мільёны еўра на шматлікія культурніцкія ініцыятывы.
“Вольны тэатр” і Андрэй Бахарэвіч актыўна заваёўваюць еўрапейскія прасторы. Няблага развіваецца беларускае кнігадрукаванне. Летам прайшло шмат Фэстаў. Падаецца нават, што ажно зашмат.
З’явілася некалькі палітычных праектаў з пэўнымі амбіцыямі пра якія пакуль што рана нешта казаць. Але сам трэнд важны.
У той жа час, падзяліся BYPOL, трасе Беларускі Моладзевы Хаб, за год адбылося некалькі страшных гісторый з апублічваннем небяспечнай інфармацыі. Шмат якія праекты, якія ў мінулым годзе актыўнічалі ў гэтым годзе сябе не паказалі.
Неяк так. Нешта важнае дакладна прапусціў, бо адбываецца шмат чаго. Спецыяльна не ўзгадваў нічога знутры Беларусі. Але агульная карціна нейкая такая.
Галоўнае пытанне, якое турбуе – дык яно расце, ці змяншаецца? Мы агулам рухаемся наперад? Зразумела, якая мэта, але па якім маркеры мы адсочваем рух наперад?
ПАСЛУГА “СТАЦЬ ГРАМАДЗЯНІНАМ”
Мне падаецца, што тут важную думку выказаў беларускіх добраахвотнік Янкі ў самым паспяховым выпуску праекта “Жыццё-Маліна”, які набраў ужо 1 млн. праглядаў.
Янкі там сказаў, што каб вызваліць Беларусь трэба 250 тысяч беларускіх ваяроў. Гэта адразу выклікала бурную рэакцыю ў беларускай медыйнай прасторы. Адкуль такая шалёная лічба, чаму менавіта столькі, гэта ж нерэальна!
Наколькі я разумею, Янкі, як вайсковец, кіраваўся чыста вайсковай логікай: беларускі рэжым можа паставіў “пад ружжо” каля 70-80 тысяч чалавек, па вайсковых класічных законах наступаць на ворага трэба з перавагай у 3 разы. Вось і выходзіць 250 тысяч.
Гэту жорсткую вайсковую логіку шмат крытыкавалі ў інтэрнэце і дастаткова апраўдана, але мне падаецца, што сама лічба вельмі правільная.
250 тыс. – вельмі класны маркер, каб адсочваць наш шлях да вызвалення.
Для перамогі справядлівасці ў Беларусі нам трэба 250 тыс. беларусаў! Толькі не спрэс вайскоўцаў, відавочна. Нам трэба 250 тыс. грамадзян.
Грамадзянін – гэта не той хто проста мае пашпарт. Грамадзянін – гэта той хто добраахвотна ўкладаецца ў развіццё сваёй дзяржавы. Праз падаткі, выбары, дзейнасць.
Грамадзянін – гэта чалавек, які ўскладае на сябе асабістую адказнасць перад самім сабой, але ў той жа час, гэта чалавек, які абавязкова ўключаны ў нейкую супольную прастору/структуру/дзейнасць. Нельга быць грамадзянінам на бязлюднай выспе.
А колькі беларусаў цяпер жывуць на бязлюдных выспах, займаючыся толькі прыватнымі справамі? Ці ня большасць.
Калі на нашым баку, на нашым “агульным востраве” (ну ці хаця б на архіпелагу), будзе 250 тысяч беларусаў, якія рэгулярна плоцяць падаткі ў Новую Беларусі, уваходзяць у беларускія арганізаваныя структуры (партыі, фонды, ) рызыкуюць працаваць у беларускіх праектах, валанцёраць, галасуюць, тады ў нас з’явіцца рэальны шанец на перамогу.
З якога боку гэты шанец прыйдзе, невядома. Такія рэчы цяжка спрагназаваць. Але “мурашнік” у 250 тыс. – гэта неймаверная сіла, нават, калі “мурашнік” гэты не мае сваёй тэрыторыі, а вайскоўцаў там толькі 1%.
З грамадзянамі зручна, што іх больш менш можна палічыць. Гэта асобная работа, але яны рэальная. У падаткаў ёсць плацельшчыкі, у партый ёсць спісы. Вось вам і зразумелы маркер.
Наколькі грамадзян прырасла Новая Беларусь за апошні год? Невядома.
Якія новыя інстытуцыі за апошні год прапанавалі беларусам паслугу “стаць грамадзянінам” – далі магчымасць плаціць падатак, уваходзіць у нейкую структуру, удзельнічаць у супольнай дзейнасці? Невядома
Вось жа, 9 жніўня нам трэба рабіць разлік. Падсумоўваць – што было зроблена за год і важнейшым маркерам росту мусіць быць прырост грамадзян.
Нашая мэта – 250 тысяч. Нашая задача – стварэнне арганізацый, якія б прапаноўвалі паслугу “стаць грамадзянінам”.
Мы маем цяпер …?