ЦІ МОЖА БІЗНЭС БЫЦЬ БЕЛАРУСКІМ У ЗАМЕЖЖЫ?

тэксты пра Беларусь па новым часе

Гэты невялікі тэкст нарадзіўся як рэакцыя на відэа з канала «Мне таксама не падабаецца», дзе Дзмітрый Крук, Вольга Лойка і Аляксандр Кныровіч разам з вядучай Яўгеніяй Сугак разважаюць пра перспектывы беларускага бізнесу, у тым ліку за мяжой.

Частка тэкста была апублікаваная ў матэрыяле Банка Ідэй, дзе некалькі экспертаў разважаюць над пытаннем Каго можна называць беларускім бізнесам за мяжой.

ПРАБЛЕМА

Сярод іншага, падчас гутаркі было закранутае пытанне «беларускасці» бізнесу за мяжой: Які бізнес можа называць беларускім у замежжы? Хто заслугоўвае такое азначэнне і што рабіць з тымі, хто ўнікае яго, нібы праклёну. Гэтая праблема сапраўды часта ўзнімаецца ў эмігранцкіх дыскусіях — без асаблівай надзеі на яе вырашэнне. Бо беларускія кампаніі за мяжой нярэдка адхрышчваюцца ад сваіх каранёў, і ў цяперашняй сітуацыі вінаваціць іх за гэта няпроста.

Апроч відавочных практычных складанасцяў у гэтай справе, выкрышталізоўваецца і балючае тэарэтычнае пытанне: што ўвогуле значыць быць нацыянальным бізнесам, калі ты прынцыпова пакінуў сваю дзяржаву і не жадаеш мець з ёй дачынення?

Мне падаецца, што ўдзельнікі перадачы добра сфармулявалі праблему і прапанавалі зразумелыя крытэрыі вызначэння «беларускасці» бізнесу. Але ў гэтым тэксце я хацеў бы падсумаваць іх разважанні і звярнуць увагу на два ключавыя моманты, якія перашкаджаюць нам знайсці простае рашэнне акрэсленай праблемы.

АСЭНСАВАНАСЦЬ

Чаму канкрэтны бізнес лічыцца часткай той ці іншай нацыі або дзяржавы? Калі адкінуць лірыку і пашукаць вымяральныя крытэрыі, то, мне падаецца, галоўным з іх будзе крытэрый узаемнай карысці. Дзяржава або нацыя спрыяе развіццю бізнесу на сваёй тэрыторыі і называе яго нацыянальным (беларускім, фінскім, уругвайскім), бо ён прыносіць ёй канкрэтную карысць. У сваю чаргу, большасць бізнесаў не супраць нацыянальнай «прапіскі», бо яна дае пэўныя прэферэнцыі і абарону.

Калі спрашчаць, нацыя атрымлівае карысць ад бізнесу ў двух кірунках: грошы і гонар.
Бізнес плаціць падаткі, стварае працоўныя месцы, развівае інфраструктуру — гэта грошы.
Таксама бізнес стварае прадукты і паслугі, якімі нацыя можа ганарыцца. Часам гісторыі поспеху ў гэтай сферы выглядаюць нават больш уражальна, чым алімпійскія медалі. Гэта гонар.

Але пры гэтым працэс «нацыяналізацыі» бізнесу адбываецца пасіўна. Бізнес стварае працоўныя месцы, бо гэта неабходна для яго развіцця, падаткі ён плаціць, бо такія правілы гульні. А поспехамі яго прадуктаў людзі ганарацца без згоды з боку самога бізнесу. Несці званне нацыянальнага не патрабуе ад бізнесу дадатковых выдаткаў.

У Беларусі гэта працавала да 2020 года. Але пасля 2020-га шматлікія кампаніі выехалі за мяжу, а там пасіўныя механізмы нацыянальнай прыналежнасці ўжо не дзейнічаюць.

За мяжой, калі ты прынцыпова наймаеш беларусаў — гэта ўжо пазіцыя. Калі ты выдаткоўваеш сродкі на беларускія праекты — мусіш самастойна разабрацца, каму і на што. «Нацыянальная падатковая» да цябе не прыйдзе. А самаідэнтыфікацыя сябе як «беларускі бізнес» кладзе істотную нагрузку на кіраўнікоў: гэта рызыкі і выдаткі.

І тут узнікае першая праблема: тое, што ў Беларусі адбывалася аўтаматычна, за мяжой патрабуе ідэйнай асэнсаванасці і канкрэтных практычных намаганняў.

Абодва гэтыя працэсы для бізнесу ненатуральныя. Пры гэтым, калі праблема выдаткаў і высілкаў хоць і складаная, але прынамсі зразумелая, то праблема асэнсаванасці застаецца цьмянай.

Што павінен зрабіць бізнес, каб быць беларускім? Падняць бел-чырвона-белы сцяг над офісам? Але гэта ўжо не толькі пра беларускасць — гэта пра палітыку. А палітыка для бізнесу — рэч рызыкоўная. Можа, ёсць іншыя спосабы? Тэарэтычна — так. Можна прыдумаць нейкія нейтральныя сімвалічныя маркеры беларушчыны. Але на практыцы ніхто не прапануе рэальных прыкладаў. Каб іх шукаць, патрэбныя рэсурсы. А рэсурсаў цяпер бракуе.

Выходзіць замкнёнае кола.

СУБ’ЕКТНАСЦЬ

Беларускі бізнес унутры краіны прыносіў і прыносіць карысць Беларусі. Хоча ён таго ці не хоча. І ўнутры няма неабходнасці ўдакладняць, што такое «Беларусь». Але цяпер, асабліва за мяжой, такое ўдакладненне раптам спатрэбілася. Што такое Беларусь: дзяржава (сукупнасць дзяржаўных інстытутаў), нацыя, народ, грамадзянская супольнасць? Каму прыносіць карысць? Ад каго чакаць дапамогі?

У межах краіны для бізнесу гэта ўсё зліваецца ў адно. Але за мяжой — гэта розныя суб’екты.
І тут узнікае другая праблема: калі бізнесу кажуць, што ён «беларускі», ён успрымае гэта як абвінавачанне ў сувязях з дзяржавай, якая для бізнесу таксічная. Але калі ўдакладняюць, што «Беларусь — гэта людзі, а не дзяржава», праблема не знікае, а набывае новыя, больш складаныя формы.

Бо як прынесці карысць дзяржаве — зразумела: заплаціў падаткі і спі спакойна. А як прыносіць карысць нацыі ці грамадзянскай супольнасці? Гэта ж сукупнасць разрозненых людзей. Падтрымаць кнігі на «Гронцы»? Добра, але несур’ёзна. І незразумела, якая тут карысць для бізнесу.

Бо бізнес — гэта ўсё ж пра карысць і зваротную сувязь. Дзяржава, нават кепская, можа абараняць бізнес, даваць льготы. А што можа даць грамадзянская супольнасць?

У выніку мы прыходзім да праблемы суб’ектнасці беларускай супольнасці за мяжой. Яна тычыцца не толькі бізнесу, але праз бізнес бачыцца асабліва выразна. Каб быць беларускім, бізнес павінен прадстаўляць кагосьці канкрэтнага, інвеставаць у кагосьці канкрэтнага, атрымліваць падтрымку ад кагосьці канкрэтнага.
Але беларуская супольнасць у замежжы слабаструктураваная, не мае выразнай візіі будучыні, моцных арганізацый і пазнавальнага брэнда. Таму бізнесу няма на што абаперціся, нават калі б ён хацеў.

ПА ВЫНІКУ

Праблема беларускасці бізнесу за мяжой — гэта не пра асабістае нежаданне асобных бізнесоўцаў.
Гэта праблема маштабу. Бізнесу трэба асэнсаваць, што ён можа быць карысным не дзяржаве, а арганізаваным супольнасцям беларусаў. А супольнасці, у сваю чаргу, мусяць паказаць, што яны гатовыя расці і ўзмацняцца, каб бараніць сваіх.

І тут праходзіць яшчэ адна вельмі далікатная мяжа. Бізнес па сваёй прыродзе апалітычны. Калі ён працуе ў межах дзяржавы, то пад якім бы сцягам яна ні існавала — для бізнесу гэта неістотна. Але калі яму прапануюць свядома выбіраць: чырвона-зялёны ці бел-чырвона-белы, то сам факт выбару становіцца праблемай.

Таму перад беларускай супольнасцю за мяжой стаіць складаны выклік: стварыць поле развіцця нацыянальнага брэнда, якое, пры ўсёй сваёй палітычнай матываванасці, будзе максімальна апалітычным для бізнесу. І гэта няпростая задача.

Падсумоўваючы:
Зразумела, што бізнес сам па сабе ніколі не стане адзіным рэсурсным цэнтрам беларускай супольнасці за мяжой. І беларусы не пабудуюць у замежжы «воблачную дзяржаву» без тэрыторыі. На скрайнасцях гэтыя разважанні не маюць сэнсу.

Але шукаць практычныя, канкрэтныя механізмы беларусізацыі бізнесу за мяжой трэба менавіта ў гэтым кірунку: павелічэнне асэнсаванасці бізнесаў, узмацненне суб’ектнасці супольнасцяў і пошук механізмаў узаемнай карысці.

Scroll to Top