Home » тэксты » Маленькія ролі вялікай гульні

Маленькія ролі вялікай гульні

Мне падаецца, што ёсць адна рэч, якая вельмі перашкаджае цяпер беларускаму грамадству. А дакладней нават не грамадству, а суме беларусаў паасобку.

Прынамсі мяне гэта доўгі час турбавала.

Пачынаючы з вясны 2021 года мне перастала быць зразумелым, якую ролю выконваю я ва ўсёй гэтай трагікамедыі.

У 2020 было зразумела – я пешка ў вялікай гульні, дзе нарэшце ўпершыню за шмат год на маім баку ёсць не толькі голы кароль, але і функцыянальная каралева, а таксама прысутнічае ўдумлівы ігрок (было такое адчуванне). Я цалкам задавольваўся гэтай роллю пешкі: хадзіў на маршы, актыўнічаў у двары.

Мне падаецца, што гэтае ўсведамленне і нават задаваленне ад “пешкавай” ролі было шмат у каго. Прыемна разумець, што сума тваіх малых дзеянняў зліваецца ў магутную плынь, якую нехта канкрэтны асэнсавана накіроўвае для дасягнення агульных мэтаў.

Пра тое, што мэты не дасягнутыя, накіроўвалі не тыя людзі, і не факт, што гэта былі людзі (магчыма, рэптылоіды), тут не вядзецца. Тут пра працэс.

Вось жа, у 2021 годзе гэтая роля знікла. Ігрок расцерушыўся, каралева моцна абмежаваная ў перамяшчэнні па полі, што далей рабіць – няясна. Разгубленасці дадаюць і рандомныя рэпрэсіі.

Але мне падаецца, што асноўная выснова мінулага года для нашага грамадства – караля робяць пешкі. Немагчыма выйсці на новы раунд змагання з лукашэнкаўскай сістэмай без асэнсаванай работы вялікай колькасці беларусаў.

А для асэнсаванай дзейнасці людзі мусяць дакладна ўсведамляць сваю ролю, нейкую суму сваіх абавязкаў, каб не згубіць арыенцір пасярод усяго гэтага вэрхалу, які ў нас зараз адбываецца.

І вось я хачу пачаць гутарку пра такія ролі. Дакладней, я хачу прапанаваць сваё бачанне, якое мне падаецца вельмі правільным, але як беларус пасля 2020 года, які ведае, што такое эфект мурашніка, я падазраю, што супольнымі высілкамі можа атрымацца лепш.

Я сфармуляваў тры такія ролі. Яны вызваляюць ад лішніх сумневаў і даюць разуменне, што рабіць на працягу таго часу, які спатрэбіцца, каб перамагчы.

Яшчэ, напэўна, варта ўдакладніць, што пад ролямі я маю на ўвазе вельмі абагульняючыя варыянты дзейнасці, а не асабістыя ролі. Апошніх бясконца шмат.

СУЦЯШЭННЕ

Беларусь зараз знаходзіцца ў зоне акупацыі. Я не бачу прычын, каб неяк змякчаць гэты тэрмін. У гэтай зоне беларусы ўжо паўтары гады жывуць з унутраным канфліктам, што яны мусяць зрабіць нешта такое, што зрушыць рэжым. Можа, зноўку трэба выйсці на вуліцы ці наадварот не выйсці і абвесціць забастоўку. Але яны гэтага не робяць і гэта дратуе.

Страх рабіць вялікія справы забівае жаданне рабіць хоць нешта.

І гэта дрэнна, бо такі стан паслабляе вялікае дасягненне мінулага года – шматлікія нізавыя лакальныя сувязі паміж людзьмі.

Мне падаецца, у цяперашняй сітуацыі вельмі важна перастаць баяцца прапусціць той самы момант агульнага ўзрушэння (бо яго не прапусціш) і перастаць пракрастынаваць ад немагчымасці рабіць вялікія “смелыя” дзеянні.

Унутры Беларусі вельмі важна зразумець сілу малых “нясмелых” (на самой справе смелых) спраў. Бо менавіта з іх вырастаюць вялікія.

Што гэта за малыя справы, кожны мусіць вырашаць сам. Але ёсць галоўны прынцып, які мусіць аб’ядноўваць іх усе, – гэтыя справы павінныя захоўваць і пашыраць у Беларусі Надзею.

Выкарыстоўваць слова “надзея” ў вызначэнні прынцыпаў – так сабе ідэя. Але ў цяперашняй сітуацыі, калі выстаўляць нейкія канкрэтныя задачы ўнутры Беларусі ёсць небяспечным, тэрмін “надзея” выглядае найбольш адэкватным маркерам. Ён зразумелы.

Зрэшты, пашырэнне надзеі – гэта не лірыка. Гэта важны мабілізацыйны інструмент і грамадзянскі/хрысціянскі чын. Падаецца, пасля 2020 года гэта не трэба асабліва даказваць.

Трэба быць гатовым, што гэта можа быць надоўга, трэба змірыцца з тым, што гэта будзе выглядаць вельмі лакальна. Але варта зразумець, што “суцяшэнне” (не ведаю, чаму я выбраў такое слова, можна прапанаваць іншае) – гэта не вымушаная замена сапраўднай дзейнасці, але важная задача на агульным фронце барацьбы. Бо менавіта гэта дзейнасць фармуе грамадства. 

Можна разносіць у пад’ездзе газету раз на месяц, можна арганізоўваць шашлыкі для сем’яў рэпрэсаваных альбо разам з суседзямі супрацьстаяць дробным глупствам чыноўнікаў з ЖЭСа. Усё гэта не пра “перагарнуць старонку” і не пра “забыцца на час”, а пра вельмі патрэбную работу на ўмацаванне сувязяў.

І не толькі пра гэта. У нас пасля разгрому НДА кінутыя на волю лёсу шматлікія катэгорыі непрацаздольнасці насельніцтва. І яны ёсць у кожным двары. Рэгулярная дапамога аднаму інваліду ў пад’ездзе – важны ўнёсак у фармаванне Новай Беларусі.

І яшчэ важны момант: лідары выяўляюцца толькі тады, калі вакол іх пачынае функцыянаваць крытычная колькасць нізавых сувязяў. Гатоўнасць аб’яднаць гэтыя рухі і накіраваць у патрэбнае рэчышча можа праявіць самы нечаканы чалавек. Зрэшты, у мінулым годзе мы гэта таксама пабачылі.

Стаць “суцяшальнікам” цяжка. Рукі апускаюцца, усюды бачыш небяспеку, няясна нашто гэта ўсё, бо вынікі не памераеш (як памераць надзею)…

Але вельмі трэба.

МЕНЕДЖМЕНТ

Сістэмы перамагаюцца сістэмамі. Перамога і далейшы пераход да нармальнага жыцця залежыць ад колькасці (пакуль што проста ад колькасці) людзей, якія прафесійна, на пастаяннай аснове выбудоўваюць структуры Новай Беларусі. Ад менеджараў.

Для гэтай ролі можна было б выбраць больш ваяўнічую назву, чым менеджар, але мне падабаецца банальнасць і “зацёртасць” гэтага слова. У банальных дзеяннях ляжыць вялікая частка любой перамогі.

Стаць менеджарам “Новай Беларусі” страшна.

Трэба адмовіцца ад папярэдняй кар’еры, трэба рызыкнуць, бо зразумела, што гэты рынак толькі нараджаецца і можа ў любы момант знікнуць. Пры гэтым, калі ты вырашыў застацца ў Беларусі, то да гэтага дадаецца яшчэ і рызыка патрапіць у рукі акупацыйнай улады.

Пры гаворцы пра менеджараў першым узнікае пытанне – дзе яны будуць знаходзіцца? Відавочна, што большая частка – за мяжой. І ў гэтым вялікая адказнасць, на маю думку, беларусаў якія з’ехалі.

Бо ў менеджараў за мяжой і ў Беларусі вельмі розныя задачы, але ўсе яны крытычна неабходныя для будучай перамогі. Калі кагосьці з іх не будзе, то нічога не атрымаецца.

Я перакананы, што найважнейшы парог, які нам трэба цяпер пераадолець, – гэта ўсвядоміць, што ёсць такая вось роля: кінуць усё і сысці на “фронт” для пабудовы структур, патрэбных для змены ўлады.

Зразумела, што пакуль няма нідзе дошкі вакансій для тых, хто хоча стаць менеджарам Новай Беларусі, часам трэба самому сабе прыдумляць, чым заняцца. Але вельмі важна, каб гэтая сітуацыя як мага хутчэй памянялася.

Нам трэба шмат прафесіяналаў, аб’яднаных у эфектыўныя структуры. Максімальна хутка.

ІНВЕСТАВАННЕ

Змены/рэвалюцыі/рэформы – гэта заўсёды грошы. Найперш для таго, каб наймаць менеджараў, якія будуць сістэмна выбудоўваць новыя інстытуты.

Пры гэтым грошы бываюць розныя. Грошы ад вонкавых інтарэсантаў могуць нашкодзіць. Такія грошы фармуюць крывыя структуры. Грошы ад бенефіцыяраў зменаў/рэвалюцый/рэформ часцей будуюць правільныя і эфектыўныя структуры.

Таму інвестар (можна яшчэ сказаць падаткаплатнік) мусіць стаць самай правільнай і масавай роляй для беларусаў.

Інвеставанне – гэта ўдумлівае, доўгатэрміновае ўкладанне грошай у структуры, якія зрынуць старую сістэму і дапамогуць хутка пабудаваць новую. А Новая Беларусь – гэта сума яе грамадзян-інвестараў.

Стаць інвестарам няцяжка і нястрашна. Але гэта работа. Адносна бяспечная і ў той жа час працаёмкая, нервовая. Заўсёды можна ўкласціся ў тое, што не спрацуе. Але гэта тое, што можа рабіць кожны, – айцішнік, садоўнік, пажарнік і нават кдбшнік.

А яшчэ інвестар можа хутка стаць замоўцам. Не чакаць, пакуль нейкі харызмат прапануе патрэбны прадукт, а замовіць яго. Можа падацца, што гэта дробная заўвага, але мне падаецца, што яны зрушыць горы.

Аб’яднанні інвестараў – гэта тое, што трэба рабіць цяпер.

***

Вось такі набор роляў у мяне атрымаўся: суцяшэнне, менеджмент і інвеставанне.

Ролі можна сумяшчаць, пераназываць, прыдумаць новыя. Але яны патрэбныя. Зразумелыя ролі даюць пачуццё асэнсаванага дзеяння, павялічваюць узровень бяспекі, паляпшаюць вынік і эканомяць энергію.

І вось яшчэ. Тое, што я зразумеў з нашай гісторыі: беларусы любяць фармалізаваныя працэсы. Калі беларус запрагаецца ў зразумелую баразну, ён здатны вельмі шмат на што. У гэтым нашая сіла, і гэтым трэба карыстацца.