Home » тэксты » Убачыць новую фігуру

Убачыць новую фігуру

У верасні 2021 года Зянон Пазняк нечакана выступіў за адмену санкцый у дачыненні да Беларусі, якія дэмакратычная супольнасць з цяжкасцю выбівала з еўрапейскіх і амерыканскіх чыноўнікаў, каб хоць неяк абмежаваць рэсурсы рэжыму. Відавочна, усе накінуліся на легендарнага палітыка за такую прапанову. 

Але калі прыгледзіцца, то выходзіць цікавая штука: адкідаючы прапанову Пазняка, адчуваючы, што яна няправільная, большасць крытыкаў, як мне падаецца, самі жывуць яшчэ ў той самай парадыгме, што і Зянон Станіслававіч, і супраць аргументаў палітычнага аксакала маюць мала што сказаць.

Паспрабую патлумачыць.

Логіка Пазняка простая – санкцыі аслабляюць беларускую эканоміку і разгойдваюць беларускі дзяржаўны апарат. З-за гэтага беларуская дзяржаўнасць “сцякае” ў расійскую варонку. Дзяржаўнасць (а ўнутры яе культура, нацыянальнасць, эканамічная незалежнасць, дабрабыт) – гэта самае важнае, таму зараз трэба тактычна адступіць на любых умовах.

Чаму амаль што ўсе выступілі супраць гэтай прапановы? Бо яна азначае прызнанне нашага паражэння і бессэнсоўнасць усіх нашых ахвяраў за мінулы год. Немагчыма такога дапусціць! Мы мусім трымацца да канца!

Але гэта эмацыйная пазіцыі. Гісторыя якраз вучыць, што прайграць часам правільней і выгодней для будучыні. Дык ці ёсць лагічная аргументацыя супраць прапановы Зянона Станіслававіча?

Выкажу сваю думку.

Зянон Пазняк жыве ў ХХ ст., прычым яшчэ ў Савецкім Саюзе. Для амаль што 80-гадовага чалавека гэта абсалютна нармальна. Ён не разглядае грамадзянскія супольнасці і іх інструменты як сілу.

У логіцы чалавека ХХ ст. сілу мае той, хто сядзіць у міністэрскім кабінеце, той, хто кіруе парламенцкай партыяй, той, хто кантралюе тэлебачанне.

Нацыянальнаю ідэю фармуе выключна дзяржава, нацыянальная культура абавязкова фільтруецца праз органы ўлады. Таму і культура, і ідэя мусяць быць максімальна канкрэтныя і безварыятыўныя.

Любая палітыка робіцца толькі вялікім гульцамі, якія, натуральна, млява рэагуюць на нізавыя трыгеры.

Дзяржаўная мяжа – гэта святое, а закрытая мяжа – гэта канец усяму, вяртанне ў 1937.

Эканоміка – гэта ў першую чаргу дзяржаўная сфера, колькі не расказвай пра перавагі рынку. Таму дабрабыт людзей найперш залежыць ад таго, што можа даць дзяржава бюджэтнікам.

Легальныя НДА – гэта вельмі важна. Але адзіная задача такіх аб’яднанняў актывістаў – мякка ўплываць на дзяржаву.

Ну, і так далей. Па логіцы чалавека ХХ ст. дзяржава гэта не проста самае важнае, дзяржава – гэта ўсё! Астатнія сферы адбываюцца, растуць і развіваюцца ўнутры гэтага “яйка”. Патаўчэцца яйка – капец! Птушанё не выгадуецца.

Вось, што я пачуў у апошнім інтэрв’ю Зянона Станіслававіча. Прычым варта адзначыць, што для чалавека ХХ ст. яйка ў прынцыпе ніколі і не павінна быць разбіта. І кожнае птушанё мусіць жыць у сваім.

Але ж гэта не так! Птушкі ўжо паляцелі! Інтэрнэт, трансгранічныя карпарацыі, вялікія бязмежавыя саюзы. Усё моцна мяняецца ў нашым ХХІ ст. І беларускі 2020 год быў якраз пра гэта. Мы з разгону прабілі шкарлупінне нашага яйка і з цікавасцю выглянулі вонкі. Усяму свету мы сталі цікавыя з дзвюх прычын: па-першае, большасць думала, што ў нашым яйку нікога няма; а па-другое, здзівіла хуткасць з якой мы прабілі ў нашай шкарлупіне дзюрку. Нібыта так звычайна не бывае.

Але агулам ва ўсім свеце дзяржавы ўнутрана моцна трансфармуюцца, каб адпавядаць новым тэхналогіям і запатрабаванням грамадства.

Беларусь раптам пачала даганяць гэты трэнд, і пасля 2020 года ў нас усё цяжэй зразумець, дзе дзяржава, а дзе грамадства, бо

– на вуліцы людзей цяпер выводзіць не партыя, а тэлеграм-канал;

– легітымнасць дае не парламенцкая прысутнасць, а раскручаны youtube;

– цяпер амаль кожны беларус можа перастаць залежыць ад дзяржаўнай эканомікі за паўгода, калі пройдзе курсы тэсціроўшчыка;

– рэальна патрэбныя для беларусаў анлайн сэрвісы могуць быць створаныя ў любой краіне свету і замяніць сабой вялікі дэпартамент нейкага міністэрства;

– зрэшты, у любой кропцы свету заўтра можа быць сфармаванае незалежнае беларускае міністэрства, якое па агульным ККД хутка стане больш эфектыўным, чым аналагічная структура, падкантрольная Лукашэнку;

– здараюцца дні, калі важных беларускіх культурных падзей за мяжой адбываецца больш, чым у Менску і дакладна больш, чым у Гомелі;

– знешняя палітыка народа (дзяржавы?) цяпер у руках хатняй гаспадыні і каардынуецца з Вільні. Ейная структура вырасла ўсяго за год!

І хто ведае, якія структуры вырастуць за наступны год?

Вось жа, большасць беларусаў усё яшчэ называе гэтыя змены “Віртуальнай Беларуссю”, маўляў, дзіцячыя забаўкі. А людзі старэйшага пакалення (у тым ліку і Зянон Станіслававіч) гэтых зменаў, як мне падаецца, зусім не бачаць.

Але гэта даўно ўжо не забаўкі! “Новая Беларусь” (Беларусь новай дзяржаўнай структуры, моцна дэцэнтралізаваная і бязмежная) яшчэ вельмі кволая штука, але яна расце. І яна безальтэрнатыўная, бо гэта не нашая прыдумка ад безвыходнасці, а агульнасусветны трэнд.

Дык у чым памылка Пазняка?

На шахматнай дошцы Зянона Станіслававіча (зрэшты, як і Лукашэнкі) ёсць фігуры лукашэнкаўскай Беларусі, фігуры Пуціна, фігуры ЗША і Еўразвязу. І логіка гульні паказвае (а гульня цягнецца даўно і ўсё можна пралічыць наперад), што гэтыя фігуры сапраўды могуць затаптаць Беларусь.

Але калі паставіць на дошку фігурку “Новай Беларусі”, то расстаноўка сіл крыху мяняецца. Ну, як мяняецца. Фігурка гэта кволая, няўцямная, не прыкрывае ніякіх палёў і ўвогуле незразумела як ходзіць. Але калі прыгледзіцца, то бачна, што яна мяняе статус іншых фігур. І раптам высвятляецца, што закрытыя межы – гэта не так ужо і страшна, санкцыі на вялікі працэнт беларусаў мала паўплываюць, а разгром НДА робяць гэтыя аб’яднанні толькі мацнейшымі, бо яны вызваляюцца ад неабходнасці абслугоўваць сістэму.

Новая фігурка можа мяняць правілы гульні. І робіць гэта ўжо цяпер!

Што гэта нам дае?

Фігурка “Новай Беларусі”, калі ставіць яе на дошку, не адмяняе рызыкаў якія навіслі над нашай дзяржаўнасцю (дзесьці нават павялічвае іх), але яна рэзка павялічвае профіт у выніку перамогі і паказвае новыя магчымасці для атрымання гэтай перамогі.

Зянон Станіслававіч не бачыць новай расстаноўкі сіл па аб’ектыўных прычынах. Таму гэтая гісторыя не пра страчаны імідж Пазняка, а пра тое, што большасць беларусаў, адкідаючы логіку ХХ ст., пабойваецца прыняць новую фігуру на шахматнай дошцы.

Бо яна абазначае, што мы цяпер у гульні.