Home » тэксты » Як русіфікацыя зрабіла нас вадой

Як русіфікацыя зрабіла нас вадой

Русіфікацыя – адзін з апорных слупоў фармавання беларускай нацыі. Адмаўляючы русіфікацыю, змагаючыся з ёй, нязменна прайграючы ёй, нашая нацыя цягам ХХ ст. фармавала свае сэнсы, адбудоўвала структуры, вырошчвала герояў.

Русіфікацыю найчасцей апісваюць як працэс знішчэння беларускай мовы і размывання беларускага культурнага кода. Менавіта па гэтай лініі (мова і культура) выбудоўваўся фронт змагання за беларускую нацыю. Не дзіва, што найбольшыя поспехі нацыі за апошнія сто гадоў ляжаць менавіта ў гэтым кірунку. 

На гэтым фронце ўжо сто гадоў дзейнічаюць мабілізацыйныя пункты, якія рэкрутуюць добраахвотнікаў: “Бярыце беларускую мову і гаварыце на ёй паўсюль, біце ворага!”, “Чытайце беларускія кнігі і не чытайце рускіх, бярыце ворага зморам!”, “Слухайце беларускую музыку! Толькі беларускамоўная музыка – беларуская! Не вядзіцеся на ілжывыя манеўры саперніка”.

Рэгулярнасць і сістэмнасць прынесла свае поспехі. Маем інтэлектуальны касцяк нацыі, які нават паціху пачаў абрастаць цягліцамі.

Але, можа, якраз на гэтым этапе варта зафіксавацца і паглядзець на русіфікацыю крыху пад іншым вуглом, каб у цяперашняй сітуацыі турбулентнасці згубіць найменш, а здабыць найбольш.

РАСІЯ І “МЯККАЯ СІЛА

Слова “русіфікацыя” так часта паўтараецца ў беларускім наратыве, што на бытавым узроўні сфармавалася ўяўленне пра нейкі пастаянна дзеючы дэпартамент у глыбіні імперскай машыны, які няспешна, але мэтанакіравана душыў беларускую мову і беларускую культуры цягам 200 гадоў.

Але такога дэпартамента ніколі не было. Падаецца, адзінай мэтанакіраванай і спланаванай акцыяй Расійскай Імперыі, якая мела на мэце памяняць культурны ландшафт Беларусі, была зачыстка Мураўёва-вешальніка пасля 1863 года, і накіраваная яна была найперш супраць польскага элемента (што ніяк не адмяняе яе бесчалавечнасці і бессэнсоўнасці).

Калі падсумоўваць культурную палітыку Масквы-Пецярбурга на тэрыторыі Беларусі за 200 гадоў, то яна ніяк не выглядае паслядоўнай. Спачатку называлі тут усіх палякамі, пасля паспрабавалі ўсіх палякаў адсюль выселіць. Калі на месцы палякаў пачалі фармавацца беларусы, то нават не падумалі зрабіць іх сваімі саюзнікамі, хаця, падавалася, для гэтага ўсё і рабілі. 

У ХХ ст. дазволілі беларусізацыю, пасля кінуліся ў рэпрэсіі, вынішчылі ўсю інтэлігенцыю, але пакінулі нейкую колькасць недатыкальных і дазволілі зрабіць з іх куміраў. Перыядычна хвалілі беларусаў за самую эфектыўную самарусіфікацыю, пры гэтым працягвалі падтрымліваць беларускі тэатр і пісьменнікаў. Па выніку цалкам заблыталіся і развалілі самі сябе. 

Добра бачна, што любое доўгатэрміновае планаванне культурнай палітыкі ў Расіі сыходзіць у пясок. На тактычным узроўні маскоўскія стратэгі часам маюць поспехі, абапіраючыся найчасцей на свае самыя моцныя інструменты – рэпрэсіі і прапаганду. Прычым часам гэты поспех сягаў нават сусветнага маштабу. Дастаткова толькі прыгадаць шматлікіх добрасумленных і забяспечаных брытанцаў і амерыканцаў, якія па сваёй ініцыятыве шпігавалі для СССР супраць сваіх жа ўрадаў.

Але ў межах 50 гадоў эфект усіх гэты праектаў мяккай сілы заўсёды развальваўся, пакідаючы толькі друз.

Ці быў у расійскай ідэйнай прасторы хоць адзін чалавек кшталту Ежы Гедройца, які здолеў сфармуляваць канцэпт культурнай (у вельмі шырокім сэнсе) палітыкі дзяржавы на сто гадоў наперад і ўбачыць, як гэтая палітыка рэалізоўваецца?

Спробы прадставіць Расію вопытным гульцом на полі мяккай сілы (на што ў нас моцна хварэе палітычнае пакаленне 1990-ых) выглядаюць часцей за ўсё недарэчнымі. Гэта добра бачна і па апошніх 20 гадах, калі вялізная, перапоўненая грашыма і вопытнымі інтрыганамі маскоўская сістэма змагла выдаць у Беларусі толькі дзясятак ідэалагічных сайтаў з мінімальнай наведвальнасцю. Моцна праваліліся яны і ва Украіне, хаця тактычна ў 2014 годзе выглядала, што здабылі перамогу.

Дазволю выказаць крыху правакацыйную думку, што сур’ёзныя поспехі моўнай русіфікацыі беларусаў за апошнія 200 гадоў (а іх цяжка адмаўляць у краіне, дзе больш за 70% сцвярджаюць, што гавораць па-руску) звязаныя не з нейкім геніяльным планам маскоўскіх старцаў, а з банальнай інерцыяй, на якую ў другой палове ХХ ст. налажылася глабалізацыя.

Рускамоўнымі беларусаў зрабіла двухсотгадовая неабходнасць гаварыць па-руску, каб пабудаваць хоць нейкую кар’еру, і тэлевізар, які ў 1980-ых з’явіўся амаль што ў кожным доме. І гэта не планавалі ніякія крамлёўскія геніі. Пра нешта такое казаў Мураўёў (вядомая цытата пра штык, школу і царкву), але і ў яго атрымалася зусім не тое, што ён планаваў. 

ШТО Ж РУСІФІКУЕ РУСІФІКАЦЫЯ?

Тут са мной можна не пагадзіцца: а як жа знішчэнне ўніі, ліквідацыя Статута ВКЛ, забарона слова “Беларусь”, рэпрэсіі, паўсюдная цэнзура і процьма іншых гвалтоўных механізмаў, якія дзейнічалі ў Расіі супраць усіх паднявольных імперый?

А давайце прыгледзімся. Калі прабегчыся вокам па гэтых рэпрэсіўных дзеяннях, то добра бачна, што ўсе яны былі ўведзеныя не супраць беларускай мовы (асабліва, калі мы кажам пра ХІХ ст.) і не супраць беларускай культуры. Усе яны былі ўведзеныя, каб у корані задушыць любую магчымасць палітычнай самаарганізацыі тутэйшага народа. 

Беларусаў мэтанакіравана пазбавілі магдэбургскага права і не далі земскага, забралі гістарычнае заканадаўства, забралі назву, моцна білі за любое праяўленне актыўнасці і дазволілі заняць кіруючыя пасады толькі калі пераканаліся ў максімальнай лаяльнасці тутэйшых пасля рэпрэсій і Другой сусветнай вайны. 

Менавіта палітычнае аб’яднанне пужала імперыю больш за культуру і мову. Гэта быў жывёльны страх, які інстынктыўна патрабаваў ад маскоўскіх чыноўнікаў ціснуць, забараняць і вынішчаць.

Не мову ў нас забіралі 200 гадоў, а навык самаарганізацыі, стварэння самастойных кіраўнічых структур на любых узроўнях. Менавіта гэта можна называць мэтанакіраванай русіфікацыяй Імперыі. Ёй патрэбна было найперш палітычнае падпарадкаванне, а культурная ўніфікацыя ішла хвастом за асноўнай мэтай.

Вынік гэтага працэсу русіфікацыі навідавоку: мы назіраем дзіўна сфармаваную нацыю, якая мае больш-менш зразумелыя культурныя межы і выстаўленыя дамінанты, але максімальна атрафіраванае палітычнае поле, якое не мае ніякіх інструментаў, каб супрацьстаяць узурпацыі ўлады. Апошняе ставіць пад сумнеў агулам існаванне палітычнай нацыі. А дакладней звужае гэтую нацыю да некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек.

ЦІ ВАРТА ЎСКЛАДНЯЦЬ?

І не скажаш, што вышэйапісанае адкрывае нейкую вялікую таямніцу. Пра палітычныя рэпрэсіі ў нас заўсёды пісалі шмат.

І агулам, палітыка, культура і мова – гэта звёны аднаго непарыўнага ланцуга. Дзеячы толькі народжанай нацыі ў пачатку ХХ ст. цягнулі менавіта за звяно культуры, каб зрушыць увесь ланцуг. Зрэшты не былі ў гэтым беларусы нейкімі адметнымі, усе навакольныя нацыі пачыналі абуджэнне з культуры і сваю барацьбу за нацыянальныя правы з высоўвання наперад культурнага шчыта. 

Тады ці ёсць сэнс ускладняць і казаць пра “палітычную русіфікацыю” асобна ад культурнай.

Ёсць! Бо ёсць розніца паміж тым, пра што мы гаворым, і тым, ува што мы ўкладаемся. 

Мы як нацыя больш за 100 гадоў штодзень укладаемся ў культуру і мову, і па выніку маем поспехі ў гэтым кірунку. Але вельмі спарадычна і бессістэмна ўкладаемся ў палітыку. То і маем, што маем.

100 гадоў пры любой магчымасці мы найперш ствараем школкі, тэатры і літаратурныя часопісы ў той час, калі іншыя гуртуюцца ў падпольныя арганізацыі і вайсковыя фарміраванні. Як вынік, маем зразумелы культурны контур, але не палітычны.

Тут, мяркую, будзе дарэчная вайсковая метафара, прыведзеная ў пачатку артыкула. Нацыя так ці інакш аб’ядноўваецца з нейкай мэтай. Зыходзячы з гэтай мэты, нацыянальныя эліты адкрываюць “фронт” дзейнасці (далёка не заўсёды ваенны фронт) і разгортваюць умоўныя мабілізацыйныя пункты – нейкія ідэі, падтрымліваючы якія, людзі ўключаюцца ў барацьбу, нейкія лічбы КПІ, якія фіксуюць поспех. Калі гэта ідэя культуры, то навабранцам выдаюць кнігі і квіткі ў тэатр, калі ідэі палітыкі – білеты для галасавання і падпольныя мянушкі.

І дзе фронт адкрыты, там і будуць поспехі, а дзе не – не будзе. Працуе гэта ўсё паволі, але працуе.

БЮЛЕТЭНІ, МЯНУШКІ І ПАЛІТЫЧНАЯ НАЦЫЯ

Вось жа, калі параўнаць нацыянальнае развіццё беларусаў у ХХ ст. з развіццём украінскай ці польскай нацыі, то кідаецца ў вочы адно разыходжанне. У культурным змаганні ўсё так ці інакш ідзе па падобным вектары. А вось палітычная сфера заўважна адрозніваецца – украінскае і асабліва польскае нацыянальнае поле ХХ ст. поўніцца падпольнымі арганізацыямі, суполкамі, цэнтрамі ўзаемадапамогі, структураванымі гурткамі і прафсаюзамі. Чытаючы гісторыю, часам падаецца, што ўсе палякі ў ХХ ст. мелі падпольныя мянушкі, раслі па таемнай кар’ернай лесвіцы і абавязкова мелі дома значок ці то скаўта, ці то ўдзельніка якога-небудзь самаарганізаванага камітэта. 

Мільёны палякаў і сотні тысяч украінцаў цягам ХХ ст. былі ўзаемападпарадкаваныя адно аднаму ў межах шматлікіх таемных або легальных арганізацый. І гэта дала адпаведны вынік. Для палякаў – у 1989 годзе, для ўкраінцаў – у 2014 і цяпер.

У беларусаў такіх палітычных арганізацый было значна менш у ХХ ст., тыя, што ўтварыліся пасля 1991 года, былі зачышчаныя на мяжы стагоддзяў. А пасля 2020 года… А вось ці адбылася змена пасля 2020 года варта паразважаць асобна.

Фармальна пасля 2020 года ў нас так і не з’явілася нейкай партыі ці руху, які б аб’ядноўваў людзей, прымаў у свае шэрагі, прапаноўваў кар’ерныя перспектывы і ставіў палітычныя мэты. Нічога падобнага да структур “Салідарнасці” у нас не ўзнікла. Ніякіх партыйных ячэек і вялікіх сістэмных аб’яднанняў.

У той жа час, шматлікія функцыі падпольных арганізацый ХХ ст. у “Новай Беларусі” выконваюць аўтаномныя, самаарганізаваныя ініцыятывы з мінімальнай структурай унутранага падпарадкавання, якія часта дзейнічаюць дастаткова эфектыўна.

І такі фармат палітычнай арганізацыі грамадства для ХХІ ст. выглядае больш натуральным, чым выбудоўванне падпарадкаванай структуры розных “харунжых”, “кашавых”, рэвізійных камісій і рэгіянальных ячэек.

Ці правільны гэты шлях? Ці будзе дастаткова гэтых аўтаномных і часта ананімных ініцыятыў, каб выратаваць Беларусь? Пакажа час.

Выкажу толькі здагадку, што хаця б без адной масавай палітычнай структураванай арганізацыі нам не абысціся. 

Часам выгадней быць вадой, але бываюць момант, калі трэба стаць каменнем. Станавіцца вадой мы добра навучыліся ў 2020, але ці гатовыя вучыцца быць каменнем?

ЯК СТАЦЬ КАМЕННЕМ?

Расце тое ў што народ укладаецца, пра што перажывае і за чым сочыць.

А за чым сочыць і куды гатовы ўкладацца сярэднестатыстычны актыўны беларус? У культуру і мову. Падтрымаць беларушчыну ў розных формах – гэта зразумелы шлях абазначыць сябе беларусам і спрацаваць на карысць будучыні. Калі ж заходзіць размова пра палітыку, то гэтая ўпэўненасць знікае. Куды ўкладацца? Для чаго? Каму? А раптам падмануць?

Больш за тое, у нас усё яшчэ пераважае практыка вымярэння палітычнай сілы нацыі культурнай ідэнтычнасцю, а не палітычнай свядомасцю народа. Калі паглядзець канкрэтныя КПІ, якімі мераюць беларускую незалежнасць цягам апошніх 30 гадоў, то гэта часцей будзе колькасць беларускіх школ і колькасць беларускамоўных грамадзян, чым колькасць адзінак самакіравання, якія так ці інакш былі ў Беларусі да 2020 года. 

Мы пільна сочым за закрыццём беларускамоўных класаў, але зусім не звяртаем увагі да колькасць КОТэГСаў (КОТОС) у Беларусі. 

Мы радуемся з’яўленню новых беларускіх блогераў на ютубе (“О! Нашых стала больш! Давай яшчэ!”), але вельмі стрымана рэагуем на фармаванне сур’ёзных арганізацый (“Якая мне розніца, хто там якія гранты піліць”). 

У нашай публічнай і прыватнай прасторы лічыцца абсалютна нармальным абурана патрабаваць ад чалавека адказу, чаму той не гаворыць па-беларуску. Але зусім немагчыма ўявіць сітуацыю, каб нейкага чалавека саромілі тым, што ён не данаціць і не валанцёрыць на карысць “Новай Беларусі”/Вызвалення Беларусі.

Дзіўным чынам беларушчына ёсць у нас пытаннем грамадскім, а палітычная дзейнасць  пытаннем абсалютна прыватным.

Гэта і ёсць асноўны вынік мэтанакіраванай русіфікацыі беларусаў цягам 200 гадоў.

І мяняць гэты перакос таксама трэба мэтанакіравана. Побач з дыяграмай пра пашырэнне/звужэнне беларускай культурніцкай прасторы, мусіць паўстаць зразумелы графік росту палітычнай культуры беларусаў.

Зрабіць гэта можна, паўплываўшы на палітычную культуру актыўных беларусаў, паставіўшы перад імі зразумелыя палітычныя мэты і абазначыўшы дасягальныя прамежкавыя маркеры росту “Новай Беларусі”. 

І пытанне “У якую ініцыятыву ты ўкладаешся?” павінна стаць адным з першых пры сустрэчы двух беларусаў у любой кропцы свету.