Гэты кароценькі тэкст быў напісаны ў чэрвені 2020 года. У дзяржаве, дзе былі пэўныя межы бяспраўя. Цяпер гэты тэкст выглядае наіўным і часовым.
Але мне падаецца, што гэтая “метадычка” перажыла 2020 год. Некаторыя тэрміны ў ёй варта мяняць на больш жорсткія, некаторыя высновы моцна перапісаць, каб адпавядаць цяперашняй сітуацыі, аднак агульная логіка захоўваецца, хоць падымацца раніцай “у трэнажорку” становіцца ўсё цяжэй.
Keep calm
Калі табе хочацца крыкнуць, што ўлада перайшла мяжу, то згадай – ты ўжо крычаў такое. Улада дзейнічае па абсалютна шаблонных схемах, выпрацаваных яшчэ ў сярэдзіне 1990-ых.
Таму захоўвай спакой. Проста вырашы, ці хочаш ты ў гэтым удзельнічаць. Калі не, то можаш спакойна адключыцца ад навінаў. Нічога такога, чаго не рабіла ўлада ў мінулыя гады, яна не зробіць і ў гэтым. Разгоны мітынгаў, палітзняволеныя, пасадкі журналістаў… Яшчэ 2 месяцы назад ты з гэтым спакойна жыў.
Калі ж ты гатовы прыняць у гэтым удзел, то пераключы тумблер – палітыка гэта не эмоцыі, гэта сур’ёзная гульня. Кожным сваім ходам сапернік адкрывае сваю слабую зону. Яе трэба аналізаваць і спрабаваць туды ўдараць. А для гэтага кeep сalm.
Калі выбіраеш другі варыянт, не спяшайся.
Калі ты натхніўся шматтысячнымі подпісамі, шматкіламетровымі пікетамі і шматабяцальнымі прамовамі, то… выдыхні і супакойся.
Сур’ёзныя змены не робяцца лёгкімі рухамі.
Сотні і сотні тысяч беларусаў не ведаюць, не хочуць, баяцца, не ўмеюць. Таму падрыхтуйся да доўгай работы і keep calm.
Трымайся межаў
Адна – мяжа тваіх магчымасцяў. Ты нешта можаш, а нешта – не. Не спрабуй пераскочыць. Не раскідвайся ідэямі, як перакуліць рэжым адным рухам, лепей рабі тое, што можаш. Але кожны дзень больш.
Другая – мяжа бяспекі. Гэтая ўлада бяспраўная, але ў яе ёсць свае правілы гульні. І большасць патрэбных спраў можна рабіць застаючыся ў гэтым полі. Важна дбаць пра сваю бяспеку, бо сядзенне на сутках размывае спакой.
Калі шмат людзей будуць рухаць першую мяжу, то другая вымушаная будзе зрушыцца.
Ні дня без палітыкі
Каб рухаць мяжу магчымага і мяжу дазволенага, трэба рыхтавацца.
Палітычнае воля, як мускул, – яе трэба трэніраваць. Штодзённыя падыходы з паступовым павелічэннем вагі. Ад простага да складанага.
Можаш завесці каляндарык трэніровак. Сёння – петыцыя, заўтра – скарга, паслязаўтра – агітацыя суседзяў.
І не думай, што напрацаваны прэс спатрэбіцца толькі 9 жніўня. Пры любым раскладзе, пасля выбараў ён будзе дарэчы яшчэ больш. Магчыма, з наскоку не атрымаецца адразу патрапіць у вышэйшую лігу, але прынамсі мы ў гэтым годзе зразумелі, што хочам туды.
Знайдзі сваю каманду
Адзін у полі не воін. Каб быць моцным трэба аб’ядноўвацца. Але не з натоўпам. Натоўп як пясок – ці засмокча, ці заб’е вочы. Шукай каманду з канкрэтных людзей.
Бо ў камандзе ёсць лідар. А каб удары цэлілі куды трэба, іх мусіць накіроўваць той, хто ўмее весці партыю. Ты не ўмееш.
Зараз у Беларусі з камандамі і лідарамі слаба. Але яны нараджаюцца проста цяпер. Прыглядайся.
Не прымай гвалт
Гвалт – гэта эмоцыі, а на эмоцыях заўсёды перамагае ўлада, бо яна гуляе з вялікай форай. Таму гвалт і нават намёк на яго – гэта параза.
Захоўваем спакой і супольна качаем прэс. Хутка лета.