Home » тэксты » Пачаць дзяліць

Пачаць дзяліць

ПРА ШТО СПРЭЧКА?

Усё перамяшалася за гэтыя два гады ў Беларусі. Першыя сталі апошнімі і да гэтага часу не разумеюць гэтага. Апошнія не дужа хацелі стаць першымі, але ўсё адно селі ці з’ехалі.

Памянялася шмат што. Але адна рэч застаецца нязменнай. Мы працягваем гаварыць пра канстытуцыі і парламент, успамінаць часы, калі яны былі правільнымі, спрачацца, калі яны сталі няправільнымі, і азлоблена крытыкаваць тых, хто спрабуе падзяліцца рэцэптам, як зноўку вярнуць ім правільнасць.

І ўсе гэтыя дыскусіі характарызуе адно – яны максімальная посныя і адарваныя ад жыцця. Яны пра мінулае, якое было не такім, як нам уяўляецца, і пра будучыню, якая не надыдзе.

У гэтай бессэнсоўнай дыскусіі хочацца звярнуць увагу на адзін момант: згадваючы старыя добрыя часы першай паловы 1990-ых, прынята казаць, што аўтарытарызм захапіў і знішчыў нашыя інструменты дэмакратыі – канстытуцыю і парламент.

І яно так было. Юрыдычна. Але давайце паглядзім на гэту сітуацыю гістарычна. Усё ж канстытуцыя і парламент – гэта вынікі дамовы ўнутры грамадства. І іх наяўнасць фіксуецца не столькі момантам іх падпісання, колькі працягласцю дзеяння. Дамову мала заключыць, яе трэба выконваць хоць пэўны час.

Існуе папулярная тэорыя, што дэмакратыя прыходзіць у краіну толькі пасля трэціх свабодных выбараў. З такога гледзішча ў нас былі савецкая канстытуцыя і парламент, былі лукашэнкаўская канстытуцыя і парламент. А сваіх не было. Яны былі падпісаныя/скліканыя ў пачатку 1990-ых, але так і не былі прынятыя і падладжаныя грамадствам пад сябе. Проста не хапіла часу.

Вось жа, калі адштурхоўвацца ад гэтай тэорыі, у беларусаў ніколі не было сваёй Сістэмы. Быў толькі адзін момант, калі на руінах разбітай савецкай сістэмы, выкарыстоўваючы яе інстытуты, мы змаглі абвесціць заснаванне сваёй. Але яна не склалася.

А гэта значыць, нічога “вярнуць” мы не зможам, мы мусім “стварыць” гэтыя інструменты. Замена тэрміна мяняе сутнасць дзеяння: “вяртаць” можна спрабаваць зверху, патрабуючы адкаціць назад, як было. А вось “ствараць” трэба знізу, ад зямлі. І гэта непазбежна. Бо на пустэчы нічога вартага не пабудуеш.

ПАЧАЦЬ ДЗЯЛІЦЬ

Пасля 2020 года былі спробы сфармаваць нешта падобнае на парламент вольных беларусаў. Таксама дзейнічае некалькі камісій, якія распрацоўваюць праект будучай канстытуцыі.

Але будзем шчырыя, выходзіць так сабе. Парламенты не збіраюцца, праекты нікому не цікавыя. Але чаму? Мы нібыта ўнутрана вызваліліся ад лукашэнкаўскай сістэмы, нас шмат, жаданне будаваць штосьці сваё ёсць. Але не склейваецца.

Магчыма, прапанаваная ніжэй думка дапаможа з іншага боку паглядзець на гэту праблему.

Мы звычайна кажам, што канстытуцыя і парламент патрэбныя для таго, каб аб’ядноўваць. Вось сабралася шмат людзей, яны выбралі прадстаўнікоў у парламент, тыя селі, падумалі і прынялі канстытуцыю, якая вызначае правілы як нам жыць. Канстытуцыя нас аб’яднала.

Але на самой справе на гэтыя інструменты можна паглядзець зусім з іншага боку. Канстытуцыя і парламент патрэбныя не для таго, каб аб’ядноўваць, а для таго, каб дзяліць.

Ну праўда ж! Мы зусім забыліся, што гэта і ёсць асноўная задача дэмакратычных інструментаў. Дзяліць!

Канстытуцыя і парламент патрэбныя, каб дзяліць зоны адказнасцяў, кампетэнцыі і бюджэты. Асабліва бюджэты.

І калі глядзець на праблему з такога боку, то ўсё становіцца значна больш зразумелым і актуальным.

Бо калі мы кажам, што інструменты дэмакратыі нас аб’ядноўваюць, то атрымліваецца ступар: вось нас шмат, вось мы аб’яднаныя адной ідэяй і, канешне, мы гатовыя яшчэ больш аб’ядноўвацца. Гатовыя і на канстытуцыю, і на парламент. І наступны крок… Няясна, які наступны крок. Ну склічам мы парламент, ну падпішам канстытуцыю. Але што толку? Чарговыя эмігранцкія гульні.

А вось калі мы кажам, што парламент і канстытуцыя мусяць “дзяліць”, то становіцца значна цікавей. Бо ў нас узнікае прадметнае пытанне: што дзяліць будзем?

А гэта пытанне, ад якога можна адштурхоўвацца. Прычым адштурхоўвацца знізу, ад самых малых аб’яднанняў беларусаў, якія сотнямі раскіданыя цяпер па ўсім свеце.

Вось, напрыклад, калі 20 беларусаў стварылі чацік, каб дзяліцца закрытай інфармацыяй і дапамагаць палітзняволеным, і такі чацік дзейнічае больш за год, то ў ім непазбежна ёсць што дзяліць – адказнасці. А таму спатрэбіцца нейкая дамоўленасць пра бяспеку, правілы ўступлення/выхаду і пра адказнасць мадэратара. І гэта ёсць пачатак Канстытуцыі.

А калі 10 чацікаў па 20 чалавек вырашаюць фінансава падтрымаць сістэмную дзейнасць нейкай ініцыятывы, якая закрывае агульную балючую праблему, то на іх падае адказнасць за фінансы. І ім спатрэбяцца выбарныя асобы, якія б маніторылі расход бюджэтаў, а, можа, і прымалі па іх рашэнні. І гэта ёсць пачатак Парламента.

Можна пайсці далей. Калі 10 аб’яднанняў па 200 чалавек прыходзяць да таго, што беларусам патрэбная рэгулярная арганізацыя па нейкай праблеме і вырашаюцца на яе заснаванне, а пасля фінансаванне, то ім спатрэбіцца шэраг юрыдычна правераных унутраных дакументаў, конкурс на менеджарскую каманду і ўзгодненая дарожная карта. І гэтая каманда ёсць пачаткам нейкага Міністэрства.

Калі 10 такіх “міністэрскіх” аб’яднанняў па 2000 чалавек вырашаць набыць будынак у Варшаве, Кіеве ці Таронта або ўсталяваць 10 квадратных кіламетраў сонечных батарэй у Сахары, каб мець рэгулярныя фінансы на падтрымку сваіх міністэрстваў, то ім спатрэбіцца вельмі шмат унутраных дамоўленасцей, выбраныя кантралюючыя органы і шмат менеджараў. І гэта ёсць пачаткам дзяржаўнай маёмасці.

Калі даводзіць гэту логіку да фінала, то маем: калі 10 арганізаваных супольнасцей па 20 тысяч чалавек вырашаць замовіць за вялікія грошы план таго, як максімальна мірна дамагчыся дэмакратыі ў Беларусі (а гэтая задача будзе актуальная і без Лукашэнкі), то ім спатрэбіцца выбраць 200 максімальна надзейных і кампетэнтных людзей, каб узгадніць адзін з прапанаваных варыянтаў і адсачыць яго рэалізацыю (бо за планам, у які ўкладзена шмат грошай, будзе ісці рэалізацыя). Вось гэта і будзе заканчэнне фармавання Парламента.

І ніхто з 200 тысяч грамадзян гэтай супольнасці не пагодзіцца, каб гэты Парламент дзейнічаў без дакумента, які б рэгуляваў яго функцыянаванне і стасункі грамадзян з новым органам. І гэта непазбежна будзе Канстытуцыяй.

Вось так. Ідэланы план пабудовы вольнай Беларусі з нуля.

Але гэты ланцужок узбуйненняў абсалютна гіпатэтычны і, відавочна, ніколі не будзе рэалізаваны ў чыстым выглядзе. Бо рашэнні зверху больш эфектыўныя і яны натуральным чынам будуць прынятыя хутчэй, чым сфармуецца “парламент знізу”.

Але справа ў тым, што ў нас няма ніводнай прычыны, каб не пачаць рухацца гэтым шляхам знізу. Бо ніякіх інструментаў на тое, каб уплываць на рашэнні зверху ў нас няма. Тут усё проста: ці мы ім ідзём, ці нас няма.

Менавіта падзел рэсурсаў і адказнасцяў ствараюць парламент і канстытуцыю. Наша спроба схавацца за камісіі па фармулёўках ці блокчэйн тэхналогіі толькі аддаляе нас ад самага простага і адзінага правільнага дзеяння, якое і вядзе да дэмакратыі, – сабрацца, каб пачаць дзяліць нашыя фінансы, рашэнні і адказнасці, скіроўваючы іх на закрыццё нашых праблем. 

Карацей, давайце хоць на кароткі час перастанем аб’ядноўвацца. Давайце прыдумаем, што і як мы можам пачаць дзяліць.