Шмат дзесяцігоддзяў мы жывём у сітуацыі, калі ў нас кіруюць непрыемныя нам і не выбраныя намі людзі. Так было ў СССР, так было і ў наступныя 30 год незалежнасці. За выключэннем кароткага прамежку ў 1990-ых.
Але “паста з цюбіку” выцекла толькі ў 2020 годзе.
Прычынаў тут шмат. Некаторыя банальныя, іншыя яшчэ нам пакуль невядомыя. І цікава, што ўсе яны складваюцца вакол складанага, але вядомага цяпер кожнаму беларусу тэрміна – “легітымнасць”.
Паўтары гады назад для большасці беларусаў гэтае слова мала што значыла і было хутчэй прыгожым паліталагічным эпітэтам. Цяпер жа мы легітымнасць адчуваем.
Бо калі легітымнасць у дзяржавы ёсць, ты пра яе не задумваешся, а калі яе няма, то … капец як няўтульна.
Несправядлівасць на выбарах была заўсёды. Нашыя бацькі пры ёй выраслі і нашыя дзяды таксама. Але ўлада трымалася на агульнай згодзе, што так трэба. У агульнай згодзе прысутнічаў пункт пра рэвалюцыю як пра інструмент супраць звышнесправядлівасці. Ну, і нібыта працавала. ХХ стагоддзе пачалося і скончылася сцверджаннем гэтай згоды.
Але цяпер развіваецца тое, чаго не было раней.
Мы прагаласавалі супраць старой улады, выйшлі супраць старой улады вялікімі масамі. Па выніку ўлада засталася на месцы, выстаяла. Нібыта нічога не памянялася. Апроч аднаго. У лукашэнкаўскай сістэмы знікла легітымнасць. На першы погляд, глупства нейкае: Лукашэнка вымавіць гэта слова не мог раней, а вось сядзіць ужо амаль 30 год. Лірыка, карацей, “легітымнасць” гэтая. І слова нейкае дурацкае.
Але, перажыўшы 2020 год, беларусы вам дакладна скажуць – легітымнасць ёсць, яна адчуваецца!
Тут варта ўдакладніць, што беларусы спачатку вам шмат чаго іншага скажуць, бо накапілася за год, але калі даслухаць за канца, то там будзе адчуванне легітымнасці.
Цяжка знайсці нейкае асэнсаванае тлумачэнне гэтаму пачуццю. Можа, яно з’яўляецца праз тое, што суды ўжо не суды, міліцыя не міліцыя, міністэрствы не міністэрствы і нават школа выклікае пытанні. Цяжка з такім жыць, не было такога раней. Таксама раней не было і, дай Бог, каб ніколі не паўтарылася, – заўзець супраць сваіх на Алімпіядзе! Складаныя эмоцыі. Але ж гэта таксама пра легітымнасць.
Вельмі… няўтульнае адчуванне, карацей. І яно новае.
Падавалася б, вось жа яна, “легітымнасць”, ляжыць нічыйная. А вось яны – некалькі тысячаў чыноўнікаў, злачынцаў – падняць гэтую легітымнасць ужо не могуць. І вось мы – мільён актыўных беларусаў – падняць яе баімся.
Бо ў казках і добрых савецкіх фільмах нас вучылі, што спачатку герой з мячом ці гранатай перамагае зло, а пасля легітымізуецца – ідзе ў караля дачку прасіць.
І па-іншаму нельга: хто сядзіць у замку, той і кароль. Ці ўсё ж можна? Можа, можна быць каралём без замка? А, можа, і без караля можна? Але як? Няясна.
Вельмі няўтульнае пачуццё, карацей…
Мне падаецца, што “Новая Беларусь” – гэта найперш адчуванне няўтульнасці. Новай няўтульнасці – незразумелага клубка крыўдаў, радасцяў, надзеяў, планаў і страхаў, які не дае нам супакоіцца і пагадзіцца на яшчэ адну пяцігодку.
Бо ясна, што няўтульнасць знікне, толькі калі самім падняць гэтую легітымнасць. Але з якога боку да яе падысці?