
“Гета” – адно з тых словаў, якія я чуў найчасцей у дачыненні да беларускай справы ў 1990-ых гадах. Усё маё ідэйнае сталенне праходзіла сярод нараканняў на тое, што нас, беларускамоўных, загналі ў гета, дзе мы цяпер мусім жыць. Здаецца, вобраз аточанага калючым дротам лапіка беларускамоўнай прасторы быў адным з самых яскравых у нашым культурным жыцці на мяжы тысячагоддзяў.
У “тлустыя” 2010-ыя гэтыя размовы крыху суцішыліся, бо змены, якія можна было назіраць у грамадстве, давалі калі не надзею, то прынамсі дробныя нагоды для радасці ў справе пашырэння беларушчыны. А 2020 год, падаецца, цалкам паставіў крыж на метафары гета – народ паўстаў і разбурыў муры вязніцы!
Але ў 2023 годзе, на другім годзе эміграцыі, я раптам злавіў сябе на думцы, што ўсё гэта было падманам: не было ў нас ніякага гета на мяжы стагоддзяў. Сваё гета мы пачынаем будаваць толькі цяпер.
Тэрмін “гета” найчасцей асацыюецца ў нас з месцам прымусовага пражывання яўрэяў, куды іх заганялі неталерантныя еўрапейцы. Насамрэч гэтая з’ява значна больш складаная. Яўрэі сяліліся ў гета не заўжды пад прымусам. У сярэднявеччы бывалі перыяды, калі яны самі прасілі для сябе адасобленыя кварталы горада, дзе кампактна жылі, будавалі сінагогі і фармавалі кагалы. Так было зручней, бяспечней і больш спрыяльна для захавання традыцый. Таму часам гета было не пра прымус і сегрэгацыю, а наадварот пра развітасць яўрэйскай супольнасці, якая магла праварочваць такія буйныя “інфраструктурныя” праекты, як арганізацыю адасобленых кварталаў унутры хрысціянскага горада.
Атрымліваецца, што гета магло быць гісторыяй поспеху, удалага ўладкавання ды стварэння ўтульнага месца, дзе можна захоўваць свае каштоўнасці пасярод варожага і няўтульнага свету. Здаецца, такая гісторыя якраз цяпер адбываецца з беларускамоўнай прасторай. Асабліва ў замежжы.
ПАДМУРАК
Гісторыю нашага “гета”, напэўна, варта весці ад 1970-ых гадоў. Тады ў гарадах пачалі ўтварацца супольнасці беларускамоўнай моладзі, якая паступова аддзяляла сябе ад вясковай натуральнай традыцыі, хаця і ўсведамляла сваю сувязь з ёй.
Але ў 1980–90-ыя беларускамоўная дзялянка была настолькі малая, што схавацца ў ёй было немагчыма. Таму кожны беларускамоўны чалавек жыў у штодзённым судакрананні з агрэсіўным рускамоўным асяроддзем. Гэта было складана, балюча, спараджала радыкалізацыю думак, але, несумненна, дапамагала абсалютнай большасці беларускамоўных разумець рэальную абстаноўку. Важна тое, што сама гэтая абстаноўка стварала сітуацыі судакранання культур, у якіх беларушчына нярэдка перамагала і знаходзіла новых адэптаў. У тыя часы кожны беларускамоўны быў крыху місіянерам, хоць не заўсёды свядома і не заўсёды па сваім жаданні.
Цягам нулявых і дзясятых гадоў беларускамоўная прастора ў вёсцы катастрафічна змяншалася. Але ў горадзе і, адпаведна, у грамадскай прасторы, наадварот моцна пашыралася. З’явіліся прабеларускія тусовачныя месцы, навучальныя ўстановы, бізнесы, медыя, персаналіі. І ўжо тады ўпершыню пачала праяўляцца тэндэнцыя замыкання ў сабе. Прычыны гэтага былі натуральныя і збольшага пазітыўныя.
Па-першае, беларускамоўная прастора ў гарадах пашыралася настолькі, што станавілася камфортна існаваць у ёй, асабліва не выходзячы вонкі. Значна цікавей і эфектыўней стала развіваць гэтую прастору ўнутры, чым пашыраць яе, выходзячы на прамы кантакт з агрэсіўным рускамоўным светам. Такі заканамерны (і неабходны) этап фармавання сваёй прасторы выяўляўся, напрыклад, у адкрыцці крамаў і клубаў, выданні кніг, арганізацыі фэстаў, перакладах анлайн сэрвісаў. Усё гэта пачынала даваць аддачу, прычым не толькі маральную, а яшчэ і матэрыяльную.
Па-другое, дынамічнасць і крэатыўнасць беларускамоўнай прасторы аб’ектыўна змяншала ахвоту даказваць нешта рускамоўным. Гэты “дзэн” самазадаволенасці злавілі далёка не ўсе, але праяўляўся ён, як мне падаецца, спрэс. Цяпер на недарэчныя нараканні на тое, што ў беларускамоўным асяроддзі няма чаго рабіць, можна было проста закаціць вочы як Роберт Даўні-малодшы ў вядомым меме і без лішніх каментарыяў пайсці займацца сваімі справамі. Бо справы казалі самі за сябе.
Адной з праяў засяроджанасці ўнутр стала зусім інакшае пазіцыянаванне сябе адносна вонкавага рускамоўнага свету. З майго боку гэта будзе вельмі спрошчанае і суб’ектыўнае абагульненне, але я сфармулюю ідэю так: калі раней судакранаючыся з рускамоўнымі мы ім нешта даказвалі, угаворвалі, спрачаліся, то ў 2010-ых пачалі безапеляцыйна патрабаваць.
Жаданне хутчэй пагрузіць у беларускамоўны сусвет усё грамадства прыводзіла да таго, што беларускамоўная прастора пачала часта выпраменьваць агрэсію. Вялікі трэнд на пошук дыскрымінацыі ва ўсіх сферах жыцця Беларусі якраз пра гэта. Рандомныя павучанні правільнасці маўлення ад незнаёмых людзей таксама з гэтай оперы. Безапеляцыйнае патрабаванне выказвання лаяльнасці ў дачыненні да беларускай мовы ад любых публічных асобаў і структур яшчэ адна адзнака 2010-ых. Што цікава, апошні трэнд падхапілі ў тым ліку і шырокія колы рускамоўных беларусаў.
Беларушчына набралася сілаў, павялічыла масу і ўжо не прасіла і не лямантавала, а патрабавала.
Тут, канешне, можна запярэчыць, што беларуская культура ў 2010-ых была такая ж гнаная і прыгнечаная, як і заўсёды, што вядзе да бясконцай дыскусіі пра напаўпустую/напаўпоўную шклянку. Але, апісваючы сітуацыю як напаўпоўную шклянку, я толькі хачу зафіксаваць адну думку: дзякуючы росту ў 2010-ых гадах мы паступова пачалі пераўтварацца з вымушаных місіянераў ва ўсвядомленых спажыўцоў. І менавіта гэта заклала фундамент пад муры нашага гета.
СЦЕНЫ
2020 год моцна пераблытаў і перамяшаў усе гэтыя працэсы, але, падаецца, у агульным аб’ёме не зменшыў, а нават павялічыў цікавасць да беларушчыны.
Цяпер, у 2024 годзе, вельмі цяжка (асабліва з-за мяжы) ацэньваць вынікі гэтых працэсаў “на мацерыку”. З аднаго боку, усё беларускае ў Беларусі ходзіць пад страхам аказацца вінаватым у чым заўгодна, а рэпрэсіі за беларускую мову – гэта прызнаны факт. Але ў той самы час беларуская мова, як важны ідэалагічны інструмент, не была забароненая і засталася ў абойме цяперашняй улады. Больш за тое, выглядае так, нібы ўнутры краіны фармуецца нейкая невялікая праслойка беларускамоўных аматараў “моцнай рукі”. Паралельна развіваецца і аднаўляецца традыцыйна-альтэрнатыўнае беларускамоўнае культурнае поле. Але, на жаль, усе гэтыя працэсы не паддаюцца цяпер адэкватнаму аналізу.
Значна лепш бачная сітуацыя з замежжам. У эміграцыю з’ехала шмат беларускамоўных, а таксама рускамоўных, якія на момант 2020 года мелі высокі ўзровень легітымнасці беларушчыны ў сваіх галовах. Гэта прывяло да актыўнай беларусізацыі эміграцыйнай прасторы. Колькасць публічных асобаў, якія пасля 2020 года перайшлі на беларускую мову, напраўду ўражвае.
Такі працэс прывёў у замежжы да двух важных вынікаў:
– прынамсі ў Варшаве канцэнтрацыя беларускамоўнасці стала такая, што ўтварылася цалкам камфортнае поле для жыццядзейнасці. Прычым як на прыватным, такі і на публічным узроўні.
– амаль што ўсім палітычным і грамадскім актывам без абмеркаванняў прынята рашэнне пра першаснасць і часта адзінасць беларускай мовы ў афіцыйнай і публічнай камунікацыі. Па-беларуску вядзе публічную камунікацыю прэзідэнтка і найбольш заўважныя грамадскія арганізацыі.
Нечакана мара адраджэнцаў пра беларускамоўнае грамадства рэалізавалася, хай сабе і ў вельмі абмежаваным выглядзе: тысячы беларускамоўных беларусаў жывуць у прававых дзяржавах, маюць беларускамоўную прэзідэнтку, большасць афіцыйнай камунікацыі ідзе па-беларуску, ёсць беларускамоўны ютуб, адукацыйныя ініцыятывы, музычныя фестывалі, вайсковае фармаванне, бары і кавярні, тэатр і кнігавыданне, цырульні і СТА…
Сфармавалася сітуацыя, у якой з беларускамоўнай прасторы можна амаль што не выходзіць. Альбо выходзіць толькі на працу. Мы нарэшце займелі ўтульную, крэатыўную, жывую, дынамічную прастору, дзе ўсё так, як мы хацелі. І, нягледзячы на нестабільнасць і пастаянны страх асіміляцыі, яна пакуль што актыўна развіваецца.
Паступова, цаглінка за цаглінкай муры вакол нашай культурнай прасторы вырастаюць у вежу са слановай косткі. З яе не хочацца выходзіць, але яе хочацца ставіць у прыклад тым, хто застаўся звонку.
ЗА СЦЕНАМІ
“Вежа са слановай косткі” – гэта нібыта крыўдная метафара. Але на самой справе ёсць у збіранні ўсяго найлепшага ў адным месцы вялікі плюс – унутры вежы можна спакойна развівацца, нешта спрабаваць, ствараць новыя праекты, дапрацоўваць старыя. Шмат якія важныя рэчы з’яўляюцца дзякуючы вялікай канцэнтрацыі беларускамоўных і “беларусапазітыўных” беларусаў у адной прасторы. Да таго ж прыгожая вежа з зіхоткімі зубцамі прыцягвае новых людзей, бо тут крэатыўна, тут ёсць высокая ідэя, тут нават ёсць некаторыя рэсурсы і накопленыя сувязі.
Больш за тое, мы можам упэўнена сцвярджаць, што вырошчваем унутры гэтай вежы эталонную беларускасць: тое перапляценне сэнсаў, механік, памкненняў, з якімі беларуская нацыя пойдзе ў будучыню.
Аднак ёсць у гэтага працэсу і негатыўныя бакі.
Праблема муроў беларушчыны не ў тым, што яны нас ад чагосьці аддзяляюць, над кімсьці нас узвышаюць ці ў нечым нас абмяжоўваюць. Брамы нашай вежы адчыненыя. На ўваходзе могуць сустрэць вартаўнікі-добраахвотнікі, якія паспрабуюць запатрабаваць ад госця веданне правільных націскаў і канчаткаў, але калі вы іх не спужаецеся, то зразумееце, што ўваход цалкам вольны.
Праблема вежы ў тым, што мы не хочам выходзіць з-за ейных сценаў і прапаноўваць нешта людзям звонку. Нам утульна ўнутры. Мы гатовыя прымаць, але не гатовыя прыводзіць. Бо той, хто не разумее велічнасць нашай справы, … здраднік? дурань? Мы лічым, што сам факт разрастання беларускай прасторы і ўздыму сценаў нашай вежы будзе прыводзіць у гэту прастору ўсё большую колькасць людзей.
Зрэшты, чаму і не. Такая тактыка працавала апошнія 100 год. Беларушчына заўсёды прываблівала не матэрыяльнымі выгодамі, ці статусам, а хутчэй наадварот – сэнсамі, выбранасцю і адказнасцю, кавалак якой можна было ўзваліць на сябе.
Праблема ў тым, што такая тактыка мае вельмі абмежаваны эфект. Заўсёды былі людзі, якія прыходзілі да беларушчыны самастойна, убачыўшы на гарызонце канцэнтрацыю сэнсаў, якіх ім не ставала, заінтрыгаваныя такім асяроддзем, дзе крэатыў дае значна большую аддачу, чым у рускамоўнай прасторы. Прыток такіх людзей заўсёды быў і заўсёды будзе, але ён невялікі. А ў нашай сітуацыі гэта можа мець катастрафічныя наступствы.
Так ці інакш, але будучыню Беларусі будуць фармаваць самі беларусы.
Аднак пакуль што большасць беларусаў альбо зусім не бачыць нашай вежы, альбо ідзе міма і разглядае здалёк яе прыгожыя бліскучыя зубцы, хтосьці з непаразуменнем, хтосьці са злосцю, хтосьці з цікаўнасцю. Брамы вежы заўсёды расчыненыя і на сценах вісяць транспаранты пра ўратаванне і грамадзянскі абавязак, але гэта ўсё працуе слаба.
І вось тут дадаецца яшчэ адна праблема: візуальна нашая вежа расце цяпер не ў Беларусі, а за сотні кіламетраў ад мяжы – у Варшаве, Вільні, Тбілісі і Сан-Францыска. Яна непазбежна становіцца ўсё больш чужой для шматлікіх беларусаў на мацерыку. Вядзецца не проста пра мову, а пра прастору, якую гэтая мова акрэслівае.
Звонку мы гаворым па-беларуску па-іншаму і пра іншае, чым унутры Беларусі. Пра гэту розніцу можна пісаць асобны вялікі артыкул, але калі выкрышталізаваць асноўнае, то я б абазначыў гэта так: для сярэднестатыстычнага беларуса беларуская мовы – гэта каштоўнасць, але хутчэй музейная. Ёй можна ганарыцца, паказваць гасцям і вешаць у чырвоны кут, але з яе дапамогай нельга рабіць сур’ёзныя рэчы: палітыку, бізнес, навуку. А мы ў замежжы гэта робім. Прычым не проста ўплятаючы беларускую ў нейкі большы кантэкст, а безапеляцыйна, манамоўна. Гэта пужае і выклікае недавер.
Фактар “несур’ёзнасці” беларускай мовы да 2020 года так ці інакш улічвалі ўсе палітычныя і грамадскія дзеячы ўнутры Беларусі, падсвядома ці ўсвядомлена. Цяпер унутры вежы гэтая думка, падазраю, выкліча толькі непаразуменне і раздражненне. Аднак гэта важна. Раней тыя людзі, якіх сацыёлагі адносяць да катэгорыя “балота” (людзі, якія жывуць выключна прыватным жыццём), так ці інакш перасякаліся з нейтральнай беларушчынай і апрыёры лічылі яе сваёй, хоць незразумела для чаго патрэбнай. Яны бачылі беларускую на шыльдах (і гэта было нармальна), радаваліся з’яўленню новых песень па-беларуску, хвалілі крэатыўныя назвы кавярняў і паволі прывыкалі да беларускай як да важнага фактару беларускага грамадскага жыцця. Вельмі паволі, але прывыкалі. Цяпер, калі мова стала інструментам палітычнага змагання, яны абыходзяць яе бокам. І “акасцяненне” нашай вежы толькі паскарае гэтае адчужэнне.
Між тым, людзі, якія гуляюць за сценамі нашай вежы, – гэта і ёсць тыя, хто будзе вырашаць далейшы лёс Беларусі. Прычым у цяперашняй сітуацыі размова не толькі пра лёс мовы і беларускамоўнага асяроддзя, а пра лёс Беларусі як дзяржавы і беларусаў як нацыі. Гэтыя некалькі мільёнаў беларусаў нам патрэбныя такія, якія яны ёсць, – рускамоўныя, з дзіўным уяўленнем пра беларускасць як пра правінцыйны музей альбо з няведаннем базавых рэчаў пра беларускую культуру і гісторыю. Бо яны разумеюць сябе беларусамі, тымі, хто жыве побач з вежай, але ніколі не заходзіць у яе.
Такім чынам, маем выклік, які патрабуе адказу. Мы не можам проста будаваць сваё. Бо тады ў нас атрымаецца прыгожая, але малалюдная вежа. Мы мусім прыдумляць, як уплываць на беларусаў унутры Беларусі, па-за сценамі нашых муроў.
Толькі вось для чаго ўплываць? Каб прыцягваць унутр вежы ці каб яны проста не сышлі занадта далёка ад яе?
ВЕЖА БЕЗ СЦЕНАЎ
Існуе такая вельмі старая дыскусія пра тое, ці можа рускамоўны пісьменнік лічыцца беларускім пісьменнікам. Шмат коп’яў было зламана вакол гэтай тэмы за апошнія 40 гадоў, але відавочнага адказу так і не знойдзена.
Пытанне гэтае маштабіруецца на шматлікія іншыя праявы беларускага жыцця і пастаянна патрабуе адказаў: ці можа вось гэты сэрвіс называцца беларускім? а вось гэты рэстаран?.. У нашай сітуацыі такое пытанне зусім не лірычнае. Мы жывём у час злому, калі веданне хто свой, а хто не свой вельмі важнае для выжывання нацыі. А правесці правільную мяжу ўсё ніяк не атрымліваецца. Бо як ні старайся крэсліць, усё адно звонку застаюцца шматлікія “свае”, а ўнутры шматлікія падазрона “няправільныя”.
Але што калі паспрабаваць не акрэсліваць канкрэтную мяжу? Уявіць сабе беларушчыну не замкам з непрыступнымі мурамі, а нечым іншым?
Праекціроўшчыкі межаў не ўлічваюць, што беларушчына – гэта не толькі пра мову, а яшчэ і пра сэнсы, мэты, рытуалы і агулам пра жыццё чалавека. У кожнай канкрэтнай сітуацыі складваецца непаўторны пазл з гэтых элементаў, якія вельмі складана раскласці на правільныя і няправільныя. А яшчэ гэта пра шлях, які трэба прайсці да беларушчыны, і кожны чалавек у кожны канкрэтны момант стаіць на сваім адцінку гэтага шляху.
А што калі правесці не адну мяжу, а шмат межаў, раскласці нашую культурную прастору на спектры. І паглядзець на гэту прастору пад такім вуглом, дзе беларушчына не мае межаў, але мае сілу прыцягнення, ад цэнтра да перыферыі. А беларуская мова ў гэтай канструкцыі фармуе ядро, якое стварае сілу прыцягнення нацыянальнай ідэнтычнасці.
Давайце паспрабуем памяняць метафару. Мы шмат плакалі пра гета, муры і абмежаванні, але, можа, больш практычна глядзець на беларускамоўную прастору не як на вежу з высокімі мурамі, а як на ядро энергетычнага поля?
Выкажу такую суб’ектыўную думку: калі глядзець на нашае грамадства з перспектывы нацыянальнай ідэнтычнасці, то ў цэнтры будзе канцэнтрацыя сэнсаў і з’яў, абсалютная большасць якіх сфармуляваная і рэалізаваная па-беларуску ці пад уплывам беларускамоўных твораў. Гэта і ёсць ядро беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Чым далей ад ядра, тым менш становіцца беларускамоўнага і тым больш з’яўляецца расейскамоўнага.
Але межы беларускай прасторы, відавочна, праходзяць не там, дзе пачынаецца рускамоўнае, а там, дзе канчаецца сіла прыцягнення беларушчыны.
Тое, што беларускамоўная прастора мае нейкі ўплыў на бытавую рэчаіснасць, не вельмі заўважна ў штодзённым жыцці ў Беларусі, дзе беларускую мову можна сустрэць толькі на дарожных шыльдах і ў назвах модных рэстарацый. Але калі казаць пра стваральную інтэлектуальную і творчую дзейнасць, якая ўплывала на нацыянальную свядомасць, то тут значэнне беларускамоўнай прасторы за апошнія 150 гадоў відавочнае.
Сіла прыцягнення беларушчыны ў Беларусі ёсць усюды, хоць і не вельмі заўважная няўзброеным вокам. Яна ёсць у народных арнаментах Абеліска Перамогі ў Менску і ў рускамоўных вершах Уладзімера Някляева пад гэтым Абеліскам, у алюзіях на слуцкія паясы на ліхтарных слупах праспекта Незалежнасці і ў драніках (з мукой і без мукі), якія мы гатуем цяпер па ўсім свеце, у традыцыі Радаўніцы, якая аб’ядноўвае мільёны беларусаў і трактарах “Беларус”, у зефіры “Красный Пищевик” і ў Будслаўскім фэсце, у партызанскім міфе і раённых сцягах 2020 года, у колішняй назве збольшага расейскамоўнага інфармацыйнага партала tut.by і ў трасянцы, на якой цяпер паспяхова хайпуюць беларускія блогеры. Карацей, у шматлікіх, часам няўлоўных, а часам нават непрыемных для нас, беларускамоўных, з’явах.
Трэба разумець, што энергія ядра, якая ўсё гэта аб’ядноўвае, не будуе жорсткай канструкцыі. Яна не заўсёды ўплывае на вынік, таму вынік не заўсёды чаканы і прыемны. Аднак гэтая энергія прыцягнення дакладна ёсць і менавіта ёй вымяраецца Беларусь.
Відавочна, што інтэлектуальная дзейнасць у Беларусі цягам ХХ ст. адбывалася не толькі па-беларуску, часцей нават па-руску. Але менавіта беларушчына была стрыжнем, да якога прывязваліся ўсе тутэйшыя сэнсы. Бо ў іншым выпадку іх перацягвала да сябе ядро Масквы ці Варшавы.
Атрымліваецца, што расейскамоўны пісьменнік, які піша пра Маскву, але называе сябе беларусам – беларускі пісьменнікі. Аднак ён знаходзіцца на самай мяжы ўздзеяння сілы беларускага ядра і можа ў любы момант адарвацца. А пісьменнік, які піша па-расейску, але пра беларускія рэаліі, ужо ў сярэдзіне поля прыцягнення. Ён ужо ўключаны ў стварэнне новых сэнсаў, і сам спараджае нейкую колькасць злучальнай энергіі. Беларускамоўны пісьменнік знаходзіцца ў цэнтры і ёсць часткай выпраменьваючага ядра.
Ну і так далей. Розных варыянтаў паводзінаў і адпаведна спектраў можа быць значна больш за тры.
Напэўна, мае сэнс яшчэ раз адзначыць, што пад выпраменьваючай сілай беларускамоўнай прасторы я не маю на ўвазе нейкую большую правільнасць ці таленавітасць беларускамоўных творцаў і дзеячаў. Я кажу толькі пра іх значэнне ў фармаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.
Беларускае – гэта не тое, што адпавядае нейкім канкрэтным крытэрыям, а тое, што знаходзіцца ў межах прыцягнення беларускага ядра ідэнтычнасці.
СІЛА ПРЫЦЯГНЕННЯ
Што дае нам метафара пра ядро і поле?
Найперш тое, што беларускамоўная прастора (ядро) моцна ўплывае на фармаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і на станаўленне ўсёй беларускай дзяржавы. Нават у яе цяперашнім страшным выглядзе.
Адсюль можна зрабіць лагічную выснову: чым большае ядро, тым мацнейшая нацыянальная ідэнтычнасць, тым большую сілу прыцягнення яна мае і тым мацнейшая дзяржава. А таму ўладкаванне і развіццё гэтай прасторы – звышважная задача для ўсіх беларусаў.
Але ў гэтай думцы няма ніякай навіны. Любы беларускамоўны чалавек усё гэта вам і так скажа. Ды і не проста скажа – справа па пашырэнні і развіцці ядра цяпер актыўна вядзецца ўсёй супольнасцю. Робіцца гэта спантанна, бо не патрабуе тлумачэнняў. У гэтым працэсе ёсць, што паляпшаць і дапрацоўваць, але і без таго адбываецца вельмі шмат.
Складаней прыняць тое, што беларускае ядро не мае сценаў, бо за межамі беларускамоўнасці пачынаецца расейскамоўны, але беларускі кантэкст, які быў шмат у чым сфармаваны і прыцягнуты гэтым ядром, а таму моцна звязаны з ім. Вось тут і пачынаюцца праблемы. Бо калі мы забываем пра сцены і ўяўляем сябе ядром, то ў цяперашняй сітуацыі нам трэба мэтанакіравана прыдумляць, як уплываць на поле вакол ядра.
Такая дзейнасць ужо не можа быць спантаннай, бо, па-першае, яна патрабуе спланаванай работы, а па-другое яна контрынтуітыўная – яна парушае здаўна сфармаваную логіку нашай вежы: каб пашыраць беларускамоўнасць трэба рабіць больш беларускамоўнага кантэнту, гучней гаварыць пра гэты кантэнт і не глядзець нічога расейскага. Карацей, трэба рабіць сцены нашай вежы як мага вышэйшымі, як мага ярчэйшымі, а зверху паставіць герольдаў з гучнымі трубамі. Але праблема ў тым, што герольды гэтыя далёка не датрубяцца. Большасць беларусаў цяпер іх не пачуюць. Вельмі далёка.
Тады атрымліваецца, што стратэгічна нам важныя не толькі тыя справы, якія фармуюць ядро (збольшага беларускамоўныя), але і тыя, якія працуюць усярэдзіне спектра, далёка па-за сценамі ядра. Бо менавіта яны ўтрымліваюць у межах нашай сілы прыцягнення максімальна далёкіх ад беларушчыны людзей.
Складанасць задачы патрабуе прафесійнага падыходу да справы. Трэба пачынаць мэтанакіравана і на сталай аснове працаваць з рознымі групамі беларусаў, якія знаходзяцца на розных спектрах прыцягнення беларускага ядра. І тут фішка ў тым, што на кожным спектры патрэбны свой падыход. Бо людзям зусім далёкім ад беларушчыны патрэбная не беларуская мова, а легітымізацыя самой беларушчыны як з’явы. Ім для пачатку трэба проста ёй зацікавіцца. У таго, хто зацікавіўся беларускай прасторай, у сваю чаргу, патрэбна сфармаваць давер да гэтай прасторы, а гэта ўжо робіцца праз канкрэтныя справы і паслугі. А чалавеку, які і цікавіцца, і давярае, патрэбны зразумелы і камфортны (а значыць прафесійны) пункт уваходу ўнутр вежы.
Пра тое, якія гэта могуць быць праекты, як выклікаць давер і як фармаваць цікавасць, трэба гаварыць асобна. Гэта вялікая і складаная задача. Я тут звярну ўвагу толькі на адзін прынцып. Ён базавы і ў той жа час самы дыскусійны.
Каб павялічваць ядро і ўзмацняць сілу яго прыцягнення нам трэба паглядзець на расейскамоўныя праекты, як на карысны інструмент, а не як на здраду.
Канкрэтна ў цяперашняй сітуацыі расейскамоўны пісьменнік, які піша пра Беларусь з беларускіх пазіцый, не менш важны для нас, чым беларускамоўны пісьменнік, бо ён стварае беларускі кантэкст для тых людзей, на якіх беларускамоўны пісьменнік не мае ніякага ўздзеяння.
Больш за тое, добры рускамоўны пісьменнік, які піша пра Беларусь, прыцягвае сваіх чытачоў ад перыферыі спектра бліжэй да сябе, а гэта значыць бліжэй да беларускамоўнай прасторы. Менавіта ён можа выцягнуць канкрэтнага беларускага абывацеля ў тое месца, адкуль бачныя бліскучыя зубцы нашай вежы са слановай косткі. І гэта вельмі каштоўна.
Нам вельмі важна, каб у беларускай прасторы былі стваральнікі, якія спалучаюць у сваёй дзейнасці расейскую мову і беларускія сэнсы: блогеры, якія вядуць свае каналы на дзвюх мовах, сэрвісы, якія прапаноўваюць дзве мовы карыстання, пісьменнікі і інфлюэнсеры, якія гавораць пра Беларусь па-расейску.
Нядаўна ў Фэйсбуку грымнула вялікая дыскусія вакол таго, ці мусіць сайт Хуткай Гуманітарнай Дапамогі (адна з найважнейшых і найбуйнейшых на сёння беларускіх ініцыятыў) мець рускамоўную версію. Дык вось, на маю думку, мусіць абавязкова, таксама як і ўсе іншыя буйныя палітычныя і сацыяльныя праекты. Бо на пэўным этапе галоўнымі для ўваходу ў беларускасць з’яўляюцца не моўныя практыкаванні ці веданне ўсіх лінгвістычных правілаў. Галоўнае – гэта давер да прасторы. Прывабнасць і карыснасць нашай дзейнасці мусяць быць бачныя далёка за сценамі вежы.
Атрыманне дапамогі па-расейску, але ад відавочна беларусацэнтрычнага праекта стварае давер. А гэта шмат для каго можа быць першым крокам у беларушчыну.
Часта рускамоўнасць у беларускіх праектах успрымаецца як здрада інтарэсам вежы, але насамрэч гэтыя праекты досыць часта будуюць трасы і масты, якія да вежы вядуць. І асаблівасць існуючай сітуацыі ў тым, што рух па гэтых трасах амаль што заўсёды аднабаковы – ад перыферыі да цэнтра. Бо людзі, якія праз расейскамоўных блогераў даведваліся больш пра беларускую прастору сустракаюцца кожны дзень, а вось беларускамоўных людзей, якія, паслухаўшы інтэрв’ю па-расейску на беларускім канале, сышлі ў рускі мір, вы наўрад ці сустрэнеце.
Зразумела, што не кожны расейскамоўны праект вядзе да беларускага ядра, часта бывае наадварот. Але нам вельмі важна наладзіць сваю оптыку так, каб бачыць карысныя праекты па-за межамі нашых муроў беларушчыны.
ПАДСУМАВАННЕ
Гэты доўгі тэкст я пісаў, каб выказаць, як мне падаецца, досыць простую думку: нам вельмі важна будаваць беларускамоўную прастору, бо гэта аснова беларускай нацыі. Але ў той жа час нельга забываць, што мы пакуль што не маем права будаваць гэту прастору проста для камфорту саміх сябе.
Трэба разумець, што мы адказныя за сілу прыцягнення, якую выпраменьвае нашае ядро. І больш за тое, трэба быць гатовым выйсці ў патрэбны момант з вежы, каб будаваць важныя рэчы звонку. Бо само ядро пакуль што не выцягвае.
А для гэтага трэба, па-першае, памяняць оптыку: мы не абараняем муры беларушчыны, мы ствараем сілу прыцягнення. Па-другое, трэба нарэшце пачаць падыходзіць да гэтай справы прафесійна – працаваць з беларусамі на розных спектрах свайго поля прыцягнення, бо на кожным узроўні патрэбныя розныя падыходы. Нашая мэта – захаваць само поле, каб нам пазней было, што беларусізаваць і з кім будаваць Беларусь будучыні.
Праблема ў тым, што ўяўляць сябе ядром не так камфортна, як уяўляць вежай. Ядро не мае зразумелай мяжы, яно заўсёды больш аддае, чым бярэ, яно нестабільнае, мусіць заўсёды працаваць вонкі і сутыкацца з тым што звонку. Унутры сценаў сваёй вежы значна спакайней і ўтульней. Таму перад намі паўстае выбар – схаваўшыся за мурамі беларушчыны, захаваць правільную беларускую Беларусь, але моцна рызыкаваць згубіць Беларусь рэальную.
Уявіўшы сябе ядром, мы, канешне, рызыкуем знікнуць, калі будзем выпраменьваць энергію неэфектыўна. У той жа час мы маем значна больш шанцаў зрабіць рэальную Беларусь беларускай.