У першыя дні вайны ў інтэрнэце пачала гуляць фраза нейкага супрацоўніка ўкраінскага ваенкамата: “Як служыць, то ўсе вы хворыя, а як ваяваць, то ўсе здаровыя”.
Мне падумалася, што гэта фраза вельмі добра тлумачыць нашае адрозненне ад украінцаў. Бо ў нас якраз наадварот. Служыць/працаваць гатовыя, а ваяваць/канфліктаваць – не.
Чаму мы не можам як украінцы? Пра гэта цяпер думае шмат хто з беларусаў. Так ці інакш праз крыўды, самаапраўданні і пошукі лагічных аргументаў узнікае гэтае пытанне: чаму ўкраінцы могуць змагацца са злом, а беларусы – не? Чаму яны не баяцца выходзіць супраць танкаў з голымі рукамі, а мы баімся нейкіх міліцэйскіх дручкоў?
І самае галоўнае – што нам рабіць, каб навучыцца змагацца за сваю праўду?
Прычым пытанне стаіць не на ўзроўні абмеркавання паслядоўнасці падзей, якія прывялі да цяперашняга выніку, а менавіта на базавым узроўні адрознення нашых нацый, розніцы ў менталітэце.
Навукоўцы кажуць, што ніякага менталітэту не існуе. Бо ніякай лінейкі, якой можна было б памераць характарыстыкі гэтай з’явы, няма. Але чым далей назіраеш палітычны шлях беларусаў і ўкраінцаў, тым больш думаеш, што гісторыя ўсё ж вельмі нагадвае камп’ютарную гульню. У стратэгічных гульнях звычайна ёсць такая опцыя – у самым пачатку ты выбіраеш сабе народ і ў яго ёсць нейкая характарыстыка, якая базава развітая лепш, чым у іншых народаў.
Давайце ненадоўга адсунем навуковыя канцэпцыі і паспрабуем паглядзець на праблему менавіта з пазіцыі менталітэту ў межах вялікай камп’ютарнай гульні.
Можа, зможам зразумець нешта важнае для сябе.
У ЧЫМ КАЗАЦКАЯ СІЛА
Калі вяртацца да метафары пра “служыць-ваяваць”, то розніцу менталітэту беларуса і ўкраінца можна абазначыць менавіта ў класічнай супрацьлегласці архетыпаў: ваяр – жаўнер.
Ва ўкраінцаў сядзіць казацкі дух, дух ваяра – чалавека, які знаходзіць радасць у барацьбе з ворагам, гатовы ісці на вялікія рызыкі і не дужа думае пра далёкія наступствы. Але пры гэтым нудзіцца ў мірных справах. Ваяру важна паказаць сябе, а што ты пакажаш без вайны.
У беларусаў усё наадварот. Беларус хутчэй жаўнер – чалавек, які добра працуе ў сістэме і адпаведна добра ваюе ў сістэме, але ў кантактным змаганні радасці не знаходзіць, бо заўсёды пралічвае наступствы. А гэта не натхняе. Затое парадкаваць усё навокал у мірны час – гэта самае нашае. Бо менавіта праз навакольны парадак жаўнер паказвае сябе.
Давайце паспрабуем разабраць гэту простую метафару на элементы. З чаго складаецца “ваярскасць” украінца?
Па-першае, украінцы заўсёды вельмі дакладна персаналізуюць зло, што робіць змаганне з ім больш асэнсаваным. У 2014 годзе ў іх не было праблемы, што прагніла ўся дзяржава, што ўсе яны так ці інакш спрычыніліся да развалу шматлікіх інстытутаў. У іх быў толькі адзін вораг – Януковіч. І гэта дапамагло цэнтралізаваць высілкі.
У беларусаў на гэтым этапе з’яўляецца жаданне паразважаць пра калектыўную адказнасць, пашукаць прычыны ў сабе і паглядзець на ўсё пад іншым вуглом. Гэта пры тым, што ў нас зло персаналізаванае далей няма куды.
Па-другое, паставіўшы мэту, украінцы часта гатовыя ісці да канца. І таму не пралічваюць рызыкі, не думаюць пра наступствы. Яны проста ўвязваюцца ў бітву. Гэта вельмі добра бачна па 2014 годзе, калі сотні тысяч украінцаў сабраліся, каб скінуць законна выбранага прэзідэнта, і некалькі месяцаў чакалі гэтага на Майдане, не звяртаючы ўвагі на тое, што навокал рушыцца ўся дзяржаўная сістэма.
Даючы гвалтоўны адпор сілавым структурам, яны не перажывалі за тое, што гэта можа прывесці да маштабнага грамадзянскага канфлікту і выйсці за межы Майдана. Пасыл просты: бачыш зло – ідзеш з ім біцца.
У беларусаў наадварот. Задумваючыся пра непадпарадкаванне і гвалт, мы адразу пралічваем наступствы, спрабуем уявіць, як далей будуць разгортвацца падзеі. А ў нашым уяўленні яны заўсёды разгортваюцца не найлепшым чынам.
Думаю, што добра ўсім запомнілася нядаўняе відэа: украінец, едучы на сваёй старэнькай машыне, проста з акна кідае кактэйль Молатава ў варожы танк. Гэта выклікае захапленне. Вось жа, архітэповая беларуская рэакцыя на гэтае відэа – уяўленне пра патэнцыйныя страты мірнага насельніцтва ад такога “флэшмоба”. Бо ясна, што пасля яго рускія пачнуць без разбору страляць па ўсіх грамадзянскіх машынах.
І гэта яшчэ адна важная рэч – украінцы канцэнтруюцца не на сваіх стратах, а на стратах ворага. Яны з задавальненнем пералічваюць паразы апанента, а свае згадваюць толькі для падняцця матывацыі. І гаворка вядзецца не толькі пра цяперашні канфлікт. Тое ж можна ўбачыць і ў 2014 годзе, і ў 2004, і нават значна глыбей. У самым вядомым праграмным вершы ўкраінскага класіка Тараса Шаўчэнкі “Як памру я” згадваецца кроў, якая мусіць працякаць каля ягонай магілы. І гэта мусіць быць варожая кроў. У другім па значнасці вершы “Думы” на палях ляжыць шмат трупаў. І гэта трупы ворагаў.
У беларусаў наадварот: асэнсаванне стартаў, гвалту і боляў стаяць у нас на першым месцы ў параўнанні з задавальненнем ад пачуцця перамогі. І ў класікаў нашых найчасцей пяецца пра нявінна пралітую кроў народа, а не пра варожыя страты.
“У крывавых муках мы народзім Жыцьцё Рэспублікі сваей!”
У сітуацыі канфлікту ўкраінец заўсёды шукае як знішчыць ворага, а беларус – як зрабіць так, каб не не павялічыць колькасць гэтых ворагаў. Нават коштам сваіх пакутаў.
І апошняе. Нягледзячы на ўсе цяперашнія жахі, добра бачна па шматлікіх відэа, што некаторыя ўкраінцы пачуваюцца ў сітуацыі вайсковага крызісу як рыбы ў вадзе. Зразумела, што такіх людзей хапае ў любым народзе. Але калі нават параўноўваць з 2020 годам у Беларусі, то ў нас матывавальныя відэа мужных людзей, якія ішлі на змаганне, фіксавалі хутчэй зацятасць і спакой. Ва ўкраінскіх матывавальных відэа з фронту добра бачнае задавальненне ад працэсу.
У ЧЫМ ЖАЎНЕРСКАЯ СЛАБАСЦЬ
І вось тут палягае адно з найважнейшых адрозненняў беларусаў ад украінцаў. Беларусы вельмі не любяць сітуацыі канфлікту. Пазбягаюць іх як толькі могуць. Гэту рысу часта звязваюць з савецкім мінулымі ці з сялянскім бэкграўндам. Але ёсць падставы меркаваць, што яе прычыны хаваюцца ў больш глыбокай гісторыі Беларусі.
Можна нават высунуць гіпотэзу, што гістарычная схільнасць на заканатворчасці ў нас таксама ёсць вынікам гэтага страху. Бо там, дзе законам прапісаныя працэдуры, знікае туман нявызначанасці, нагода для бою без правіл. А якраз гэты памежны стан, сітуацыя без правіл і ёсць адным з галоўных страхаў беларускай нацыі.
Вось жа, увесь наш 2020 прайшоў пад знакам гэтага страху. Мы ўсе вельмі баяліся не аўтазакаў і не дручкоў АМАПа, як зараз саркастычна пішуць украінцы. Мы ўсе панічна баяліся грамадзянскага канфлікту/вайны, якія маглі ўзнікнуць па нашай віне.
Пачынаць гвалт першымі для беларусаў было недапушчальна. Бо гэта абазначала самімі паламаць свае правілы. А ламаць правілы – дзеянне для беларуса блізкае да фобіі.
Яркі кантраст з украінцамі, якія ў 2014 годзе не задумваючыся ламалі ўсе правілы. І гэта стварыла ім шмат праблем, але па выніку дало вялікую сілу.
Бо доўгатэрміновая вайна, якая вырасла з гэтага пратэсту, дала стымул Украіне падцягнуць свой слабы “скіл” – сістэмнасць. А нішто так не сістэматызуе казакоў, як пастаянная вайсковая дзейнасць.
Па выніку, у 2022 год нацыя ўвайшла з новай жыццяздольнай сістэмай (і вайсковай, і грамадзянскай) і з баявым настроем, які ў іх прысутнічае базава. Разам гэтыя характарыстыкі зрабілі тое, што мы можам цяпер назіраць.
Пры гэтым можна дакладна прагназаваць, што пасля сканчэння вайны менавіта замоцна развіты баявы дух пачне ціснуць на выбудаваныя структуры ўкраінскай нацыі і можа нават ім нашкодзіць.
Вось жа, “ўкраінскі дух” не адмаўляе правілы ці сістэмнасць. Але для казакоў сістэма – гэта толькі контур, які ўтрымлівае іх і надае вектар іх сіле.
А вось у беларусаў наадварот.
У ЧЫМ ЖАЎНЕРСКАЯ СІЛА
Дазволю сабе такую гіпотэзу: для беларусаў сістэма – гэта не пазітыўны вынік разрастання ўнутранай сілы, а хутчэй наадварот. У нас сістэма якраз і ёсць самой крыніцай сілы. Бо яна вызваляе нас ад страху хаосу.
Нам трэба бачыць соты, каб пачаць насіць мёд. Нашае карыснае дзеянне пачынаецца не са злосці, а з убудоўвання сябе ў нейкую схему.
Можа, нешта падобнае меў на ўвазе Абдзіраловіч, калі пісаў пра ліючуюся форму.
Украінскі фармат гуртавання нацыі прадугледжвае эмацыйны выбух. Калі шмат асобных людзей кідаюць свае справы і па адным ідуць на Майдан, проста разумеючы, што калі прыйдуць, то яны там будуць не адныя. І што важна, план дзеяння на месцы ім прыдумляць асабліва не трэба. Бо базавы план “зашыты” на ўзроўні рэфлексаў: вось дабро, вось зло і злу ты супрацьстаіш тымі ж сродкамі, якія прымяняюць да цябе. Не трэба асабліва “разумнічаць”, трэба толькі добра раззлавацца. На псіхалагічна ціск адказваць псіхалагічным ціскам (2004 г.), на бяззбройны гвалт – камянямі і барыкадамі (2014), на паўнамаштабную вайну – вайной (2022).
У беларусаў зусім па-іншаму. Беларусам, каб выйсці на вуліцы, эмоцый мала. Беларусам патрэбны зразумелы інструмент дзеяння, зразумелы шлях з прыблізным планам і мэтай. Нічога канкрэтнага, але нейкі асэнсаваны калідор магчымасцяў, у якім яны могуць дзейнічаць.
Адсутнасць правіл і невядомасць запальвае ўкраінцаў. Для беларусаў жа гэта самае страшнае. Нас натхняе наяўнасць агучанага плана.
Мне падаецца, што 2020 год аказаўся такім паспяховым, бо Віктар Бабарыка прапанаваў нейкі больш-менш канкрэтны фармат дзеянняў. Гэты план не даваў ніякіх гарантый, але даваў ясную кропку апоры праз якую беларускі народ паказаў сваю сілу.
Гэтай кропкай апоры была масавасць у межах фармальнага закона і безгвалтоўнасць. Гэта спрацавала. Бо гэта той контур, які беларусы разумеюць. Бо мы моцныя сістэмнасцю, законапаслухмянасцю, думаннем у межах нейкіх правіл, а не справядлівай злосцю.
Там жа, у 2020 годзе, добра высвечваецца і наш асноўны праклён: калі правілы, па якіх мы дзейнічаем, нам ламаюць, то мы аказваемся безабаронныя. Павышаць стаўкі да ўзроўню саперніка не гатовыя, бо гэта выкліча сітуацыю адсутнасці правіл, якой мы вельмі баімся.
Ці значыць усё вышэйсказанае, што ў нас няма ніякіх шанцаў выправіць сітуацыю самім? Бо атрымліваецца замкнёнае кола. Нам жа ніхто ніколі не прапаноўвае адэкватныя правілы гульні, якія ўсе будуць выконваць. Гэта тупік?
Я дазволю сабе дзве гіпотэзы з гэтай нагоды.
Першая. Кропка зборкі нашай сілы ў зразумелым контуры дзеяння, у супольных правілах і нават інструкцыях.
У прынцыпе такая сістэма ўжо фармуецца цягам апошніх двух гадоў. І вайна, якая пачалася ва Украіне, паказала, што гэта сістэма нешта можа. Але ў яе ёсць адна сур’ёзная праблема: па зразумелых прычынах яна спрабуе да канца заставацца гарызантальнай. І гэта яе моцна тармозіць. Гучыць дзіўна, але каб наша злосць стала нашай сілай, нам патрэбная вертыкаль. Эфектыўная сістэма без вертыкалі – гэта міф.
Другое. Трэба ўважлівей прыгледзецца да нашай бесканфліктнасці, раскласці на элементы і знайсці прычыны. Мая думка такая – баімся мы не самога канфлікту, а сітуацыі няпэўнасці, вузкага моманту без правіл, калі гвалт можа стаць бескантрольны.
Зрэшты, на маю думку, і гвалту мы баімся, бо не спрабавалі разабраць яго на элементы, пазбавіць яго эмацыйнага туману нявызначанасці.
Праблема ў тым, што мы чакаем казачнай сітуацыі, калі ў народа закіпіць кроў і ён паўстане. І справядлівы гвалт будзе апраўданы, як гэта бывае ў казках. Але гэта не наша казка. Не зусім наша.
А што калі мы будзем пачувацца моцнымі толькі ў канфлікце, які самі загадзя спланавалі, самі сабе патлумачылі, напісалі пад яго правілы і распрацавалі інструкцыі? Не супер дакладныя правілы, вельмі прыблізныя, але такія, якія б далі нам глебу пад нагамі і пазбавілі ад страху нявызначанасці.
ВАЖНАЕ ЎДАКЛАДНЕННЕ
Гаворачы пра менталітэт вельмі важна абазначыць: менталітэт – гэта ні ў якім разе не наканаванасць і не запраграмаванасць дзеяння, гэта проста пошук слабых і моцных навыкаў грамадства, якія фармуюцца цягам стагоддзямі, пераплятаюцца і даюць у канкрэтны гістарычны момант непаўторны набор кропак сілы і кропак страху, улічваючы якія можна зрабіць свой шлях да свабоды больш эфектыўным.