Home » тэксты » Адліць сваю форму

Адліць сваю форму

СТРАХ БЕЛАРУСА

Даўно заўважана – беларусы вельмі добра працуюць у Сістэме. Яны выжыльваюцца, напружваюцца, рэдка халтураць, мараць пра падвышэнне. Калі трэба, то інтрыгуюць дзеля гэтага падвышэння. І не баяцца ніякіх пасадаў – ад нізкіх да высокіх.

Але выкінутыя з Сістэмы беларусы становяцца бездапаможнымі. Губляючы кропку апоры, яны сядзяць і чакаюць, калі іх паклічуць у нейкую новую Сістэму. Абвясціць сябе пачаткам новай Сістэмы беларус баіцца. Прычым настолькі моцна, што гэта выглядае нейкім генетычным страхам, схаваным на падсвядомым узроўні. Таму стаць генералам у імперскай арміі беларус можа лёгка, а вось назвацца атаманам і пачаць набор войска ад свайго імя не можа (за рэдкім выключэннем). Словы ў горле косткай становяцца.

Адзінае, на што беларусы могуць самаарганізоўвацца, як выявілася за апошнія 100 год нашай нацыянальнай гісторыі, гэта культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы.

Гэта значыць, у сітуацыі Злому, калі ўсе навокал ствараюць арміі і падпольныя сеткі, беларусы робяць школы і тэатры. І, калі ўладу бярэ новая чужая Сістэма, мы маем для яе адукаваных і ў меру амбітных чыноўнікаў.

Беларусы не ўмеюць ствараць сваіх Сістэм, мы прафесійныя работнікі чужых. Гэта наш праклён і прычына нашага выжывання на працягу стагоддзяў.

Як чалавек з гістарычнай адукацыяй, я не мушу выдаваць такія шырокія абагульванні пра нацыянальны менталітэт (якога фармальна не існуе), але ў дадзенай сітуацыі, рызыкнуў іх сфармуляваць. Бо менавіта цяпер час, калі мы зноўку пачынаем затухаць, выкінутыя з сістэмы.

Мы зноўку прыходзім у стан аморфнасці ў чаканні, калі нас паклічуць у чарговую новую Сістэму.

Зніжэнне актыўнасці і эфектыўнасці па-за межамі зразумелых сістэм гэта не тое каб выключна беларуская рыса. Любая эміграцыя ХХ стагоддзя таму пацвярджэнне.

І разуменне гэтага факта нібыта дае нам права пагадзіцца з сітуацыяй і заняцца малымі добрымі справамі, чакаючы пакуль не хрусне ў наступны раз.

Але крыўдна. Крыўдна становіцца, калі разумееш, што за акном 2021 год, што ХХІ ст. дае нам інструменты, якіх не было ў людзей ХХ ст., што менавіта цяпер мы можам вырвацца з абцугоў падпарадкаванасці чужым Формам.

НОВАЯ СІТУАЦЫЯ

У чым прынцыповая сутнасць новай сітуацыі?

Тут можна напісаць шмат банальнасцяў пра тыя магчымасці, якія нясе нам ХХІ ст., але іх паўтарэнне ўжо ўсім моцна надакучыла. Таму звярну ўвагу толькі на адну з’яву, якая ёсць базавай у эканоміцы, але з-за сваёй складанай назвы зазвычай застаецца ў цені пры шырокіх грамадскіх абмеркаваннях. Гэты тэрмін – транзакцыйныя выдаткі (трансакционные издержки/transaction cost).

Гэтую з’яву можна параўнаць з сілай трэння ці сілай супраціўлення ў фізіцы, якія, у сваю чаргу, маюць сваю аналогію ў грамадскіх працэсах.

Раней пабудова вялікай дзяржаўнай Сістэмы патрабавала вялікіх высілкаў. Транзакцыйныя выдаткі ад распаўсюджання гэтай сістэмы былі настолькі вялікія, што ўлада натуральным чынам збіралася вакол аднаго манарха і на адной тэрыторыі аб’ектыўна магла існаваць толькі адна Сістэма. У такой сітуацыі канкрэтны кабінет чыноўніка сапраўды станавіўся месцам канцэнтрацыі ўлады ў сваёй сферы. Таму і атрымлівалася, што чый кабінет, таго і ўлада. 

Менавіта гэта прымушала захопліваць у сярэднявеччы мала каму патрэбныя замкі, а ў Новым Часе браць штурмам палацы і кабінеты чыноўнікаў. Сітуацыя пачала мяняцца ўжо ў пачатку ХХ ст. Згадайма хаця б знакамітую “метадычку” Леніна пра тое, што спачатку трэба было браць тэлефон і тэлеграф і толькі пасля ўсё астатняе. Дзесьці так і зрабілі, хаця людзям па выніку ўсё адно паказалі, як бралі штурмам Зімні. Народ патрабаваў традыцыйнасці.

У ХХІ ст. сітуацыя памянялася кардынальна. Ствараць новыя сувязі, збіраць грошы, выбудоўваць працэсы ўзаемападпарадкавання можна з любой кропкі свету і з любым узроўнем мандата. Транзакцыйныя выдаткі на пабудову і кантраляванне Сістэмы зменшыліся крытычна.

Настолькі крытычна, што вельмі моцна мяняюць правілы ўсёй гульні.

Ці значыць гэта, што “Левіафан” знікае? Канешне, не. Гэта толькі значыць, што сістэма становіцца значна больш складанай. І ў гэтай новай больш складанай сістэме мы маем неканкурэнтную перавагу ў параўнанні з тымі, хто застаўся сядзець са сваімі скуранымі партфелямі ў змрочных кабінетах. 

РАДАСЦЬ І ПРАКЛЁН КРАЎФАНДЫНГУ

Ці не самы галоўны навык, які мы як грамадства выпрацавалі ў сабе за апошнія 10 гадоў – гэта навык краўдфандынгу, уменне супольна збіраць грошы на карысныя справы. І 2020 год паказаў, наколькі гэта магутны інструмент: зборы на дапамогу рэпрэсаваным уражвалі сваімі лічбамі, дзясяткі ініцыятыў здолелі рэалізавацца, дзякуючы супольнай падтрымцы.

Усё гэта вельмі радуе і натхняе, але, як паказаў 2021 год, гэты інструмент не ідэальны, бо на пэўным этапе ён пачынае моцна прабуксоўваць.

Чаму?

Паспрабую тут патлумачыць адну невідавочную, але базавую, на маю думку, прычыну.

Звычайна Сістэма дзейнічае ў дзвюх іпастасях: з аднаго боку – дзяржаўныя інстытуты, якія марудна, нязграбна, але метадычна вырашаюць грамадскія патрэбы (трацячы ладную частку рэсурсаў на свае ўнутраныя працэсы), а з другога боку – грамадскія інстытуты, якія бяруць канкрэтныя праблемы і з максімальнай аддачай, часта з мінімальнымі выдаткамі, іх закрываюць. Пры ўмове, што пад канкрэтную праблему ў вызначаны час выспее нейкі грамадскі інстытут.

Апошнія 20 гадоў грамадскія арганізацыі ў Беларусі актыўна, хоць і па-партызанску незаўважна, раслі. Гэтыя інстытуты рабілі малыя і не вельмі малыя добрыя справы, аналізавалі сітуацыю ў сваіх сферах, адукоўвалі чыноўнікаў. А галоўнае, вучылі людзей удзельнічаць у жыцці Сістэмы, без уваходжання ў яе. Краўфандынг стаў натуральнай часткай жыцця ладнай колькасці актыўных грамадзян.

Прыйшоў 2020 год. Дзяржаўныя інстытуты засталіся цалкам пад кантролем Лукашэнкі. А вось новыя інструменты арганізацыі грамадства, выпрацаваныя НДА, апынуліся настолькі моцнымі, што Сістэма вырашыла папросту вынішчыць усё жывое на гэтым полі, каб пазбегнуць любой магчымасці паўтарэння маштабных пратэстаў.

Якую сітуацыю мы маем на 2021 год? Барацьба працягваецца. З аднаго боку, улада надалей прымяняе адзіны інструмент, які мае ў сваіх руках, – гвалт. Рэпрэсіі, пасадкі і “хэйтспіч” з тэлевізара не спыняюцца, бо проста не могуць спыніцца. Яны сталі самой сутнасцю сістэмы. З іншага боку, беларускае грамадства, раскіданае па свеце, спрабуючы зрабіць хоць нешта, чапляецца за той адзіны інструмент, які яно выпрацавала за мінулыя 10 год – краўфандынг.

Ініцыятары, якія маюць талковыя праекты, збіраюць грошы з беларусаў па ўсім свеце для таго, каб закрываць нашыя агульныя болі. І гэта працуе. З’яўляюцца новыя сайты, конкурсы, фільмы, кліпы, анлайн (і не толькі) адукацыйныя праекты…

І нібы ўсё працуе, але нешта не так. Грошай прыходзіць усё менш, праекты становяцца ўсё драбнейшымі, пра вырашэнне буйных праблем ніхто ўжо не гаворыць. І зноўку на першае месца выходзяць школкі і тэатры…

Але чаму? Чаму ККД ад нашых ахвяраванняў няўхільна зніжаецца, а ад гэтага зніжаецца і жаданне ахвяраваць?

Вось жа, падаецца, ёсць адна сістэмная прычына, на якую мала хто звяртае ўвагу: краўфандынгавыя праекты эфектыўна працуюць толькі ў супрацы з іншай паловай агульнай Сістэмы – з рэгулярнымі структурамі.

Грамадскія ініцыятывы і дзяржаўныя інстытуты – гэта “інь” і “янь” устойлівай сістэмы. Паасобку яны пачынаюць буксаваць.

Праблемы дзяржавы без падтрымкі НДА зразумелыя (на жаль, не самой дзяржаве), але і грамадскія працэсы без апоры на пастаянныя структуры таксама вязнуць у балоце малаэфектыўнасці.

І сэнс тут не ў тым, што ў дзяржавы ёсць ключы ад патрэбных НДА кабінетаў. Праблема глыбейшая.

“Харызмат” (давайце назавём так грамадскага актывіста), які абвяшчае, што ён запускае такі вось праект, які будзе рашаць такую вось задачу на нейкім полі, у любым разе закрывае толькі канкрэтную дадзеную задачу і не больш. І сума вырашаных “харызматамі” задач ніколі не выбудуецца ў стратэгію і не стане сістэмай.

Людзі, якія краўфандзяць у гэты праект, ніколі не стануць палітычнай супольнасцю, асабліва ў наш тэхналагічны час. Яны будуць у адзіноце націскаць кнопку “перавесці грошы”, у адзіноце адкрываць справаздачу аб рэалізаваным праекце, і на гэтым іх удзел завяршаецца. Усё, што ім застаецца, – працягваць чытаць разборы экспертаў: чаму на сустрэчы з Лукашэнкам Пуцін пачухаў правае, а не левае вуха.

Гэта важна, краўфандынг/ахвяраванне не стварае палітычнага дзеяння. Бо там няма адказнасці і супольнага прыняцця рашэння. Па выніку 2020 года мы дасягнулі шмат чаго, але як палітычная нацыя зноўку засталіся кожны сам па сабе.

СТАЦЬ ЗАМОЎЦАМ

Якое можа быць выйсце з гэтай сітуацыі? Як адважыцца пачаць будаваць сваю Сістэму і запусціць механізм супрацы формы і сутнасці?

Напэўна, гэта і ёсць асноўнае пытанне, на якое мусяць адказаць беларусы бліжэйшым часам. І наўрад ці тут можна прыдумаць нейкі канкрэтны план на старонку тэксту. Змены ўнутры нацыі – гэта працэс, заўсёды з нечаканымі паваротамі і зігзагамі.

Але ў мяне ёсць прапанова аднаго рашэння, якое прынамсі можа паказаць кірунак, куды варта рухацца. Яно вельмі простае і вельмі складанае адначасова: сістэму краўфандынгу трэба перакуліць. Тады ўсё можа запрацаваць.

Ініцыятарам дзеяння павінен стаць не “харызмат”/менеджар, які абвяшчае, што ён гатовы закрыць нейкую праблему, а сума замоўцаў, аб’яднаных грамадзян, якія абвяшчаюць, што ў іх ёсць праблема і яны гатовыя выдзеліць нейкую суму грошай на тое, каб гэтую праблему закрыць.

Грамадзяне аб’ядноўваюцца, наймаюць менеджараў, тыя сістэмна (гэта значыць няхутка, але паспяхова) рашаюць праблемы замоўцаў. Чым больш маштабная праблема, тым больш людзей, тым больш грошай, тым лепшых прафесіяналаў можна наняць.

І тут у тэорыі ўсё выглядае правільна:

  • аб’яднанне замоўцаў – гэта шмат сварак, дыскусій і згубленых грошай, але па выніку гэта адказнасць, якая фармуе палітычна актыўнае грамадства наўпрост;
  • наяўнасць сфармаваных замоў – гэта рынак з канкрэтнымі фінансамі, куды прыходзяць прафесіяналы і для працы фармуюць структуры, кожная з якіх можа вырасці да ўмоўных міністэрстваў;
  • сума вырашаных сапраўдных праблем – гэта палітыка, бо гэта давер розных колаў грамадства да розных выканаўцаў;
  • правядзенне конкурсу для рашэння нейкай вялікай праблемы, на якую скінулася шмат беларусаў, – гэта парламент. Не зусім той, пра які мы марым, але правільны і дзейсны.

На дадзеным этапе нам трэба “забіць у сабе НДАшніка”, але пачаць гадаваць бізнесмена і чыноўніка. Адставіць часова такое добрае слова “салідарнасць” і пачаць ужываць халодныя тэрміны “інвеставанне” і “кар’ерная лесвіца”.

Без вырошчвання сваёй Сістэмы мы не пераможам. І так, “свая Сістэма” гучыць для беларуса як бессэнсоўнае словазлучэнне. Гэта нейкая неверагодна складаная задача, і наш мозг проста адмаўляецца яе аналізаваць.

Але іншага выйсця няма, і час нам спрыяе.

Магчымым выйсцем якраз ёсць – прыдумаць і разгайдаць механізм рашэння нашых праблем праз выстаўленне супольнай замовы. У гэтым механізме схаванае і палітычнае грамадства, і протадзяржаўныя інстытуты, і парламент. Там жа ляжыць рашэнне нашай самай балючай на сёння праблемы.

Трэба пачаць перамагаць у сабе нацыянальны страх быць Сістэмай. Каб наша сутнасць нарэшце вылілася ў нашую форму.